Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІНАЯ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЯ ВАЛЮТА: БЯСКОНЦЫ ТУПІК


Юры Дракахруст, Віктар Дзятліковіч





Нагодаю для размовы стала заява намесьніка старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Паўла Каллаўра, які канстатаваў, што пасьля падпісаньня адпаведнага пагадненьня паміж Беларусьсю і Расеяй захоўваюцца прынцыповыя супярэчнасьці у пытаньні адзінага эмісійнага цэнтру. Беларускі бок хоча, каб адзіную валюту эмітавала беларуска-расейская банкаўская Рада. Масква патрабуе, каб адзіным эмісійным цэнтрам быў Цэнтральны банк Расеі.

Спадар Каллаўр падкрэсьліў, што, калі бакі ня прыйдуць да згоды, Беларусь можа адмовіцца ад пераходу на расейскі рубель. Спрэчка вакол гэтага пытаньня вядзецца да 1994 году, калі аб’яднаць грашовыя сыстэмы спрабаваў яшчэ тагачасны прэм’ер Беларусі Кебіч.

За 7 гадоў супярэчнасьць не наблізілася да вырашэньня ані на крок. Чаму ў Расеі ня чуюць заявы, падобныя выступу намесьніка кіраўніка нацыянальнага банку Беларусі? Чаму зацятыя расейскія інтэгратары не кідаюцца на дапамогу Аляксандру Лукашэнку? На што разьлічвае Масква?

(Дракахруст: ) “Віктар, скажыце, калі ласка, як у Расеі ўспрымаюць гэтую бясконцую гульню?”

(Дзятліковіч: ) “У Расеі гэта ўспрымаюць так: калі і варта ствараць нейкую адзіную рублёвую зону, уводзіць нейкую валюту, дык толькі на ўмовах Расеі. Заходзячы з гэтага, Расея робіць адпаведныя крокі.

Калі тыдзень таму Дзяржаўная Дума Расеі ратыфікавала пагадненьне пра ўвядзеньне адзінай валюты, то яна ратыфікавала яго пасьля выступу старшыні бюджэтнага камітэту Думы Жукава, які абсалютна дакладна сказаў, што, калі адзіная валюта будзе ўведзеная, то адзіным эмісійным цэнтрам будзе Расея. І толькі пачуўшы гэта, расейскія дэпутаты і ратыфікавалі гэтае пагадненьне. А пра іншае ні дэпутаты, ні Цэнтральны банк Расеі нават і ня думаюць.

Я мяркую, што яны зыходзяць з такоё лёгікі: беларускі бок, канечне, можа вылучаць нейкія прапановы, можа спадзявацца на тое, што эмісійны цэнтар будзе нейкі агульны, але гэта толькі да пары. Калі будуць весьціся перамовы, і раптам беларускі бок адмовіцца ад таго, каб эмісійны цэнтар быў у Расеі ў Цэнтральным банку, то і адзінай валюты ня будзе.

Фактычна мы назіраем, што як толькі перамовы даходзяць да эмісійнага цэнтру, тут жа яны нічым не завяршаюцца. Я думаю, Расея ня бачыць сэнсу сьпяшацца ў вырашэньні гэтага пытаньня, яны лічаць, што, калі Беларусь ініцыявала разгляд пытаньня пра ўвядзеньне адзінай валюты, дык гэта Беларусі больш і патрэбна”.

(Дракахруст: ) “Мы ведаем, што ў Расеі шэраг палітыкаў робяць вялізарную стаўку на беларуска-расейскія дачыненьні. Тут дастаткова прыгадаць сьпікера Думы Селязьнёва, маскоўскага мэра Лужкова, якія ўвесь час, зь любой трыбуны, падкрэсьліваюць, як неабходна аб’ядноўвацца зь Беларусьсю, ісьці насустрач Беларусі і гэтак далей. Скажыце, калі ласка, а вось у гэтым пытаньні хто-небудзь зь іх не выказвае такога меркаваньня, што, калі ўжо беларусы так настойваюць, калі яны хочуць захаваць нейкія рэшткі ці частку свайго сувэрэнітэту, дык, можа, і пайсьці ім насустрач, заплаціць гэтую цану дзеля сьвятой ідэі аб’яднаньня братніх народаў?”

(Дзятліковіч: ) “Не, ніхто зь іх нічога падобнага не гаворыць, бо яны ўсё ж разьмяжоўваюць такія паняткі як дружба народаў і эканамічны дабрабыт Расеі. Я днямі размаўляў зь Нікалаем Ганчаром, дэпутатам Дзярждумы, вялікім прыхільнікам аб’яднаньня Беларусі і Расеі, дык ён выказаў такую думку, што расейскаму ўраду вельмі выгадна даваць невялікія сродкі пад гэтую ідэю інтэграцыі Беларусі і Расеі, але ніяк не прысьпешваць гэты працэс.

Што ён меў на ўвазе? Напрыклад, расейскі ўрад гатовы даваць 100 мільёнаў крэдыту Беларусі для падтрыманьня курсу беларускага рубля. Расейскі ўрад гатовы ўносіць 100 мільёнаў даляраў у саюзны бюджэт, каб падтрымліваць нейкія саюзныя праграмы, а ўсё робіцца гэта з боку расейскага ўраду не дзеля таго, каб сапраўды прысьпешыць інтэграцыю, а каб проста засьведчыць важнасьць адносінаў зь Беларусьсю з палітычнага пункту гледжаньня.

Калі ж размова йдзе пра нейкія крокі, якія пацягнуць выдзяленьне значна большых грошай – ня 100 мільёнаў даляраў, а 1 мільярд даляраў, 2 мільярды… Ці крокі, якія немавед да чаго прывядуць, скажам, што Беларусь атрымае права эмісіі, то тут расейскі ўрад заплюшчвае вочы. Маўляў, хлопцы, мы тут нічога ня чулі, нічога ня ведаем, усё гэта будзе ў 2008 годзе ці калі. Пры такой сытуацыі Расея вельмі танна адкупляецца ад Беларусі. Яна траціць 100 мільёнаў даляраў за год, а ўвесь расейскі народ думае, што ўрад хоча аб’яднацца зь Беларусьсю”.

(Дракахруст: ) “Вы сказалі пра выступ спадара Жукава, старшыні бюджэтнага камітэту. Ну, як кажуць, сапраўды беларускія чыноўнікі зразумелай расейскай мовай кажуць, што нас не задавальняе варыянт, калі эмісійны цэнтар – гэта Цэнтрабанк Расеі. Гэта гавораць беларускія чыноўнікі, якія ўсе падпарадкаваныя Лукашэнку. Зразумела, яны не выказваюць асабістага меркаваньня, як у свой час выказваў Багданкевіч. Гэта – меркаваньне Лукашэнкі. А расейскія прадстаўнікі нібыта робяць выгляд, што яны гэтага ня чуюць, ня ведаюць. Скажыце, у чым тут рэч? Ці яны сапраўды ня чуюць, ці яны лічаць, што Беларусь проста выстаўляе ўмовы, а потым усё адно пагодзіцца, яе прымусяць, з варыянтам Цэнтрабанку, ці гэта проста палітычная гульня? Як з боку Масквы, так і з боку Менску. І ўсур’ёз ствараць адзіную валюту не зьбіраецца ніводзін з бакоў?”

(Дзятліковіч: ) “Я думаю, што найбольш рэальны наступны варыянт: расейцы думаюць, што беларусы выстаўляюць умовы, а ўрэшце рэшт змушаныя будуць пагадзіцца з умовамі Расеі. Бо ў Расеі прэвалюе думка, што эканоміка Беларусі ў жудасным стане, ня можа існаваць без падтрымкі Расеі, таму, калі Беларусь зараз ня хоча ісьці на ўмовы Расеі, дык гэта толькі таму, што эканоміка яе не канчаткова збанкрутавала. А пройдзе год-тры, Беларусь змушаная будзе пайсьці на ўмовы Расеі.

Калі намесьнік старшыні Нацбанку Беларусі выступаў у “палаце прадстаўнікоў”, я думаю, што ня першай мэтай было, каб расейскі бок пачуў ягоны выступ. Я думаю, гэта быў выступ для ўнутранага выкарыстаньня, для дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў”, якім прыемна чуць, што Беларусь быццам бы адстойвае свае пазыцыі. Каб беларускае тэлебачаньне гэта паказала, а выбаршчыкі паглядзелі на барацьбітоў за беларускія інтарэсы: быццам, Нацыянальны банк і Аляксандар Лукашэнка іх адстойваюць. Ніякай рэакцыі афіцыйнага расейскага боку на гэтыя заявы не было. Выглядае, што й ня будзе. Усё будзе вырашацца на закрытых перамовах, на якіх беларускі бок усё роўна будуць прымушаць пагадзіцца з расейскімі ўмовамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG