Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БЕЛАРУСІ ПАРУШАЮЦЬ ПРАВА ГРАМАДЗЯНАЎ НА НЕДАТЫКАЛЬНАСЬЦЬ ЖЫТЛА І ТАЙНУ ПЕРАПІСКІ


Мікола Іваноў, Прага

Канстытуцыя Беларусі, гаворыцца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту, гарантуе правы чалавека ў гэтай галіне. Але на практыцы беларускія ўлады рэгулярна парушаюць канстытуцыю ўласнай краіны.

Беларускае КГБ, гаворыцца ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, рэгулярна уваходзіць у дамы грамадзянаў без санкцыі судовых ворганаў ці пракуратуры, праводзіць незаконныя вышукі, чытае прыватную карэспандэнцыю. Некаторыя дзеячы апазыцыі лічаць за лепшае не наведваць замежныя амбасады, бо баяцца рэпрэсіяў.

Міліцыя, якая павінна сачыць за бясьпекай замежных амбасадаў, займаецца сачэньнем за тымі, хто наведвае замежныя прадстаўніцтвы. Сочаць нават за самімі чыноўнікамі рэжыму.

У чэрвені старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, знайшоў прыладу для падслухоўваньня тэлефонных размоваў, якая была падключаная да ягонага хатняга тэлефону.

19 красавіка супрацоўнікі КГБ правялі незаконны вышук (без неабходных дакумэнтаў) на кватэры апазыцыйнай дзяячкі Галіны Юрынай. Былі незаконна канфіскаваныя ўлёткі і асабістыя рэчы.

Улады намагаліся змусіць Ільлю Лімашэнку сачыць за ўласным бацькам, які належыць да лідэраў апазыцыі. Калі ж Ільля адмовіўся, невядомы замаскаваны чалавек стрэліў з пісталета яму ў грудзі на вуліцы.

У дом 75-гадовага Васіля Сатаравойтава, былога дырэктара аграпрамысловага комплексу “Рассвет”, які амаль два гады знаходзіўся за кратамі за тое, што ён, нібыта, змарнаваў дзяржаўныя крэдыты, ў ліпені летась намагалася ўварвацца група мужчынаў, якія называлі сябе сьледчымі міліцыі і КГБ. І толькі пасьля таго, як Старавойтаў выклікаў новы нарад міліцыі, напад на ягоны прыватны дом удалося спыніць.

Закон патрабуе, сьцьвярджаецца ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, прысьвечанай стану правоў чалавека ў сьвеце, атрыманьне дазволу пракуратуры дзеля падслухоўваньня размоваў грамадзянаў. Але пракуратура ў Беларусі ня мае ніякай незалежнасьці, і яе дзейнасць неэфэктыўная.

Створаная ў 1995 годзе асабістая ахова прэзыдэнта працягвае сачыць за палітычнымі праціўнікамі прэзыдэнта. Над ёй няма кантролю юрыдычных ворганаў краіны. Ніхто ня ведае яе бюджэту, характару яе дзейнасьці.

У 1999 годзе “Нацыянальны сход” зьмяніў адміністрацыйны кодэкс краіны такім чынам, каб узьняць адказнасьць за адмову падпарадкавацца супрацоўнікам КГБ. Гэтыя зьмены падвысілі адказнасьць адмову даць дазвол супрацоўнікам КДБ уваходзіць у памяшканьні прыватных фірмаў, за адмову прадстаўляць ім дакумэнты фірмы ці арганізацыі.

У Беларусі сёньня ў практыцы юрыдычных ворганаў выкарыстоўваецца ўказ прэзыдэнта №”218, падпісаны ў 1997 годзе, які забараняе імпарт і экспарт друкаваных мэтэрыялаў, аўдыё- і відэа-інфармацыі, якая можа пагражаць эканамічным і палітычным інтарэсам краіны. Закон гэты можа быць падставай для шматлікіх парушэньняў.

У лістападзе 1999 году Лукашэнка падпісаў дэкрэт №40, які дазваляе ўладам нацыяналізоўваць маёмасьць кожнага чалавека, калі прэзыдэнт уважае, што ягоная дзейнасьць нанесла фінансавыя страты дзяржаве. Гэты закон найбольш актыўна выкарыстоўваўся супраць бізнэсоўцаў. На яго падставе ўлады пагражаюць канфіскаваць маёмасьць былой старшыні Нацыянальнага Банку Тамары Віньнікавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG