Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЙКЛ КОЗАК: МЫ ХОЧАМ ПАКОНЧЫЦЬ З ІЗАЛЯЦЫЯЙ БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) “Ці можаце Вы пагадзіцца з заяваю спадара Лукашэнкі пра тое, што амэрыканска-беларускім адносінам патрэбная нармалізацыя, але гэтая нармалізацыя не залежыць ад Беларусі, у той час як ЗША могуць вырашыць “усе праблемы, што існуюць”?

(Козак: ) “Заўсёды ёсьць два бакі ў кожнай праблеме. Кожны бок думае, што іншы бок мусіць яе вырашаць. Думаю, у сваёй заяве ўчора я ясна зазначыў, што вырашэньне тых праблемаў, зь якімі мы сутыкаемся, ляжыць у поўнай адпаведнасьці забавязаньням што да стандартаў дэмакратыі і правоў чалавека, усталяваных Арганізацыяй бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе, якія кожная з нашых дзяржаваў ўзяла на сябе. Я працытаваў у зьвязку з гэтым дзяржаўнага сакратара Коліна Паўэла, які сказаў: забавязаньні, свабодна зробленыя ўсімі дзяржавамі-ўдзельніцамі, ёсьць падставовымі для забесьпячэньня свабоды й дабрабыту эўрапейскіх народаў.

Гэта нашая агульная пазыцыя, якая існуе ўжо доўга. Праблема не ў асобах, не ў гісторыі. Можна сказаць гэтак: Беларусі трэба вярнуцца на шлях, дзе ўсе мы можам прызнаць ейныя ўнутраныя працэсы як адпаведныя тым забавязаньням, якія ня толькі Беларусь, але й усе мы зрабілі ў АБСЭ.

Відавочна, урад Беларусі мае пэўным чынам іншы погляд на тое, у чым палягае праблема. Але гэта якраз тое, дзеля чаго існуе дыялёг – спрабаваць давесьці гэтыя погляды адно аднаму”.

(Цыганкоў: ) “Што Вы думаеце пра гэткія словы спадара Лукашэнкі: “Мы хочам, каб ЗША прыходзілі да нас з добрымі парадамі, як гэта было ў 1994 годзе”? Як бы Вы ацанілі дзейнасьць трох былых амэрыканскіх амбасадараў у Беларусі?”

(Козак: ) “Нам прыемна пачуць, што беларускім уладам падабаліся нашыя парады. І я буду шчасьлівы, калі беларускі ўрад вырашыць сьледаваць ім.

Але зробім гэта ясным – гэта ня проста парады, якія зыходзяць ад Злучаных Штатаў. Гэта парады, якія зыходзяць ад усіх партнэраў АБСЭ ў Эўропе. Мы б хацелі толькі, каб больш галасоў давалі тыя самыя парады Беларусі, каб пакончыць зь ейнай ізаляцыяй ад шмат якіх краінаў у Эўропе ды паўночна-атлянтычнай супрольнасьці, – што яна мусіць вярнуцца да адпаведнасьці забавязаньням АБСЭ.

Гэта зразумелае пасланьне: менавіта гэта ёсьць праблемаю. Людзі любяць інтэпрэтаваць ці дадаваць нейкія іншыя праблемы або нейкі іншы парадак дня, але – тое, што вы бачыце, тое й атрымліваеце.
Мы ўвесь час казалі, што праблема палягае ў вяртаньні палітычнага працэсу, які паважае свабоду чалавека, правы чалавека й вынікам якога ёсьць вольныя й дэмакратычныя выбары. Калі мы ўбачым гэта ў Беларусі, уся атмасфэра зьменіцца вельмі значна.

Што тычыцца трох маіх папярэднікаў, думаю, што было цікавым, дык гэта паказальная пасьлядоўнасьць – зноў жа, ня толькі ЗША, але й палітыкі паўночна-атлянтычнае супольнасьці. Тры мае папярэднікі, а некаторыя зь іх – мае добрыя сябры, сьледавалі аднолькавай палітыцы. У Злучаных Штатах практычна не было розьніцы паміж адміністрацыямі дэмакратаў і рэспубліканцаў, паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі як сябрамі Кангрэсу альбо паміж Кангрэсам ды выканаўчай уладай. Усе аб’яднаныя ідэяй вырашыць нашыя праблемы ў гэтай частцы, у тым ліку ў Беларусі, а ў гэтыя дні – асабліва ў Беларусі – умацаваць пачаткі таго працэсу, які будзе паважаць свабоду чалавека”.

(Цыганкоў: ) “Лукашэнка таксама сказаў штосьці накшталт: “Дазвольце нам мець сваіх уласных настаўнікаў…”

(Козак: ) “Так, ён сказаў: “Дазвольце нам выбіраць сваіх уласных настаўнікаў”. Я б сказаў – абсалютна тое, што мы падтрымліваем. Гэта якраз тое, дзеля чаго існуюць свабодныя выбары, – дазволіць людзям выбіраць іхных лідэраў ды іхных настаўнікаў, а празь іх – выбіраць прыроду іхных замежных дачыненьняў. У гэтым пункце – мажліва, з крыху іншых прычынаў у параўнаньні з прэзыдэнтам, але я магу зь ім пагадзіцца”.

(Сьвірко: ) “Працягваючы тэму папярэднікаў – мажліва, Вы бачылі атакі Беларускага тэлебачаньня на былога амбасадара ЗША Дэніэла Спэкгарда. Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску назвала гэта кампаніяй хлусьні. Пазьней Вы далі інтэрвію гэтаму тэлебачаньню, якое не пайшло ў эфір. Што Вы думаеце пра БТ?”

(Козак: ) “Я ня буду казаць пра ўстанову, распавяду пра гэтую гісторыю. Я сам размаўляў з Дэнам Спэкгардам, гісторыя была проста фальшыўкай амаль ва ўсім. Хіба што ягонае прозьвішча правільна назвалі. Яму прыпісалі заявы, якія ён нібыта рабіў у Гармішы. Ён сказаў, што ён ня быў у Гармішы тры гады, таму ён ніяк ня мог зрабіць гэтых заяваў. І яму прыпісалі заявы, фактычна, процілеглыя тым, якія ён сапраўды рабіў. Гэта была ня вельмі добрая гісторыя”.

(Сьвірко: ) “І яшчэ пра сродкі масавае інфармацыі. У суседняй Украіне скандал са справаю Гангадзэ дасягнуў свайго піку. Мы ў Беларусі маем Зьмітра Завадзкага, які зьнік, а таксама публічную заяву былога чыноўніка Міністэрства культуры пра тое, што справа Завадзкага зьвязаная са спэцыяльнай брыгадай Міністэрства ўнутраных справаў, якую ачольвае Зьміцер Паўлючэнка. Ці працягне Ваш урад патрабаваць ад Беларусі расьсьледаваньня зьнікненьняў вядомых асобаў – Зьмітра Завадзкага, Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага?”

(Козак: ) “Так. Калі мы кажам пра адпаведнасьць крытэрыям АБСЭ – адмысловыя крытэрыі, вызначаныя для правядзеньня справядлівых і свабодных выбараў у гэтай краіне, уключаюць стварэньне клімату міру. Каб стварыць гэта, трэба правесьці расьсьледаваньне, якое заслугоўвае даверу – што сталася зь людзьмі, якіх асацыявалі з палітычнай апазыцыяй і якія зьніклі, а таксама са зьніклымі журналістамі. Таму гэта вельмі цяжкая й адказная справа для ўраду – правесьці расьсьледаваньне ды адказаць на абвінавачаньні такім чынам, які заслугоўвае даверу. Але ёсьць шляхі, каб гэта зрабіць, і гэта па-ранейшаму будзе нашай настойлівай парадай – знайсьці шлях для правядзеньня добрага расьсьледаваньня, якое б заслугоўвала даверу, ды абнародваць факты”.

(Цыганкоў: ) “Ці можам мы “падвесьці рысу” пад праблемай Драздоў? Ці атрымалі ЗША нейкую кампэнсацыю ад Беларусі?”

(Козак: ) “Так і яшчэ раз так. Мы знайшлі рашэньне да таго, як мой папярэднік вярнуўся, і мы атрымалі адэкватную кампэнсацыю за гэтую праблему”.

(Цыганкоў: ) “Але Вы задаволеныя гэтай кампэнсацыяй?”

(Козак: ) “Шчыра – я не памятаю, колькі гэта было. Я ня ведаю, ці былі нейкія абмежаваньні наконт інфармацыі пра гэта, але, паколькі я ня ведаю… Аднак гэта была кампэнсацыя, якая нас задаволіла. Нам вярнулі тыя грошы, якія мы інвэставалі ў рэзыдэнцыю. Таму гэта было рашэньне пасьля перамоваў, якое было прымальнае для абодвух бакоў. Таму гэтая праблема скончылася ды скончылася пэўны час таму”.

(Цыганкоў: ) “Ці падабаецца Вам ваша цяперашняе месца побыту і Менск увогуле?”

(Козак: ) “Так і яшчэ раз так. Наша цяперашняя рэзыдэнцыя, як Вы ведаеце, знаходзіцца каля спартовае зоны Раўбічы. Вельмі добры дом. Але, шчыра кажучы, пытаньне рэзыдэнцыі амбасадара – гэта ня тое, наколькі яна падабаецца таму амбасадару, які там жыве. Гэта пытаньне, наколькі зручная яна як месца для правядзеньня сустрэчаў ды падзеяў гэтага кшталту. Гэта месца для працы, як і месца для побыту. І ў гэтым сэнсе яна крыху нязручная – яна даволі далёка ад цэнтра гораду. Але гэта вельмі адэкватны дом.

Менск наагул я знаходжу вельмі прывабным. Як я казаў раней, ён нагадвае мне Жэнэву – праз рэчкі ды азёры ў цэнтры гораду і яшчэ некаторую архітэктуру”.

(Сьвірко: ) “Ці карысны тут Ваш кубінскі досьвед? Спадарыня Спэкгард неяк сказала журналістам, што ейная сям’я была вымушаная езьдзіць у Вільню, каб купіць ежу. Ці падабаюцца Вам беларускія прадукты ды кухня?”

(Козак: ) “Так, нам падабаюцца беларускія прадукты. У нашым выпадку, як на Кубе, гэтак і ў Беларусі, мая жонка ды я езьдзім на сялянскі рынак і купляем нашу ежу там. Мы часта бываем на рынках у Беларусі”.

(Сьвірко: ) “А што да Вашага кубінскага досьведу ў палітычных тэрмінах?”

(Козак: ) (сьмяецца) “Ніводная краіна не падобная цалкам да іншай. Але ёсьць пэўныя паралелі, і таму шмат чаго з таго досьведу, што мы мелі там, ёсьць карысным тут”.

(Сьвірко: ) “Ці адзначылі Вы Дзень абаронцаў Айчыны? Здаецца, Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Вас з гэтым сьвятам двойчы?”

(Козак: ) “Я ўдзельнічаў раніцай у цырымоніі разам зь іншымі прадстаўнікамі дыпляматычнага корпусу. Наколькі я разумею, гэты дзень і тая цырымонія, дзе я браў удзел, прысьвечаныя памяці тых жаўнераў, якія загінулі ў часе вайны. Для мяне гэта сумны выпадак у кожнай краіне. Часьцей за ўсё, салдаты, якія паміраюць на вайне, ня маюць вялікага уплыву на тое, ці распачынаць вайну. Трэба глядзець на гэта незалежна ад таго боку, на чыім ваявалі людзі. У гэтым выпадку Другой усясьветнай вайны, якой прысьвечаны мэмарыял, мы былі разам на адным баку, што прэзыдэнт згадаў учора. Але я зрабіў бы тое самае ў любой краіне, якая страціла жаўнераў у ваенны час”.

(Сьвірко: ) “Маё апошняе пытаньне. Мы запісваем гэтае інтэрвію над рэстаранам McDonald’s, які шмат хто зь беларусаў успрымае як сымбаль Амэрыкі, Злучаных Штатаў…”

(Козак: ) “І як крыніцу добрых гамбургераў і смажанае бульбы”.

(Сьвірко: ) “Мабыць, Вы ведаеце, што McDonald’s тут, у Беларусі, зусім не карыстаееца беларускай мовай. Яны выкарыстоўваюць толькі расейскую. Як бы Вы пракамэнтавалі гэта?”

(Козак: ) “Як людзі вырашаюць пытаньне моваў у Беларусі – гэта тое, дзеля чаго існуе адкрытае грамадзтва, адкрыты дэмакратычны працэс. Гэта калі кожны можа ўзяць удзел, абмеркаваць публічна ды прыйсьці да свайго ўласнага рашэньня. Гэта тое, дзе і не патрэбныя добрыя парады ад нас, за выняткам – зрабіць працэс адкрытым”.

Заявіў амэрыканскі амбасадар у Менску Майкл Козак.

На пытаньне, ці вучыць ён беларускую мову, амбасадар ЗША адказаў гэтак: “Спрабую”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG