Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА НАРЭШЦЕ ПРЫНЯЎ ДАВЕРЧЫЯ ГРАМАТЫ АД КОЗАКА


Юры Сьвірко, Менск

Нават дзяржаўнае тэлебачаньне адзначыла, што Ірак займеў сваю дыпляматычную місію ў Беларусі толькі ў сьнежні. Аднак ірацкі амбасадар Заяф Абдулмаджыд Ахмэд апярэдзіў сёньня амэрыканскага калегу Майкла Козака, які прыляцеў у Менск 20 кастрычніка.

Мажліва, такі парадак сустрэчы з амбасадарамі растлумачыў сам Аляксандар Лукашэнка, вітаючы прадстаўніка Садама Хусэйна:

(Лукашэнка: ) "Наша пазыцыя ў дачыненьні да барацьбы ірацкага народу за свабоду й незалежнасьць вядомая. Мы катэгарычна выступаем супраць усялякага роду ваеннага ўмяшальніцтва ўва ўнутраныя справы вашае дзяржавы".

Яшчэ дзяржаўнае тэлебачаньне заявіла, што толькі “зь сёньняшняга дня юрыдычна пачынаецца праца ў Беларусі новага надзвычайнага й паўнамоцнага пасла Злучаных Штатаў Амэрыкі”.

Я патэлефанаваў прэсаваму сакратару беларускага Міністэрства замежных справаў Паўлу Латушку, каб даведацца пра афіцыйны пункт погляду на сёньняшнія падзеі.

(Латушка: ) "Сёньня адбылося ўручэньне граматаў шэрагам паслоў замежных краінаў, і спачатку ўручаў даверчыя граматы пасол Іраку ў Беларусі, пазьней пасол ЗША ў Беларусі, і за ім — пасол Італіі ў Рэспубліцы Беларусі".

(Сьвірко: ) "Міністэрства замежных справаў як-небудзь камэнтуе такі парадак?"

(Латушка: ) "Гэта не зьяўляецца прынцыповым — хто за кім уручаў даверчыя граматы. Вельмі важным зьяўляецца тое, што сёньня гэтыя тры паслы ўручылі даверчыя граматы прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі.

Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах прадугледжвае чарговасьць уручэньня граматаў у адпаведнасьці з днём прыбыцьця. Адпаведна, ніхто ня можа ўручыць раней за таго, хто прыехаў пасьля таго ці іншага пасла. Вельмі важна, што ўсе гэтыя паслы ўручылі даверчыя граматы ў адзін дзень".

(Сьвірко: ) "І ўсе яны мелі размову з Аляксандрам Лукашэнкам?"

(Латушка: ) "Так, я магу пацьвердзіць, што ўсе яны мелі, як і прадугледжваецца, размову з прэзыдэнтам Беларусі", — паведаміў спадар Латушка, прэсавы сакратар МЗС Беларусі.

Прымаючы граматы ад Майкла Козака, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што “вельмі паважае новае кіраўніцтва ЗША і спадзяецца на нармалізацыю адносінаў”.

Спадар Лукашэнка нават прапанаваў амэрыканскаму ўраду падвесьці рысу пад стасункамі дзьвюх дзяржаваў ды распачаць новы этап, пакінуўшы ў мінулым усе ранейшыя ўчынкі й дзеяньні, якія не спрыялі ўмацаваньню дачыненьняў Беларусі ды ЗША, але ўзяўшы ўсё найлепшае.

Аляксандар Лукашэнка прамовіў і вельмі дзіўную фразу: “Мы хочам, каб ЗША прыходзілі да нас з добрымі парадамі, як гэта было ў 1994 годзе”.

Спадар Лукашэнка паведаміў амбасадару Козаку, што заклікаў трох ягоных папярэднікаў працаваць на замацаваньне стасункаў, і заявіў яму: “Вы маеце ўнікальную мажлівасьць улічыць досьвед ранейшых вашых калегаў ды зрабіць максымум для нармалізацыі беларуска-амэрыканскага супрацоўніцтва”.

Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што гэтая нармалізацыя практычна не залежыць ад Беларусі, а вось ад ЗША, на ягоную думку, залежыць “вырашэньне ўсіх праблемаў, што існуюць”.

У сваю чаргу, Майкл Козак сказаў спадару Лукашэнку:

(Козак: ) "Спадар прэзыдэнт, ад імя прэзыдэнта Буша я спадзяюся працаваць разам з вамі, вашымі ўрадоўцамі, беларускімі грамадзянамі з усіх частак грамадзтва, каб пакончыць з гэтымі праблемамі ды каб мы ўступілі ў новую эру добрых стасункаў паміж нашымі краінамі".

Майкл Козак пагадзіўся, што “ў дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі назіраюцца некаторыя нэгатыўныя моманты”. Ён заклікаў Аляксандра Лукашэнку “ўсталяваць шчыры й канструктыўны дыялёг” паміж Беларусьсю ды ЗША, і нагадаў, што ЗША аднымі зь першых прызналі незалежнасьць Беларусі.

Спадар Лукашэнка таксама зрабіў гістарычны экскурс. Паводле ягоных словаў, беларусы й амэрыканцы ў часе Другое ўсясьветнае вайны “разам выратавалі цывілізацыю ад карычневае чумы”.

Лукашэнка заклікаў амбасадара Козака мабілізаваць усе сілы дзеля ўмацаваньня добрых і ўзаемавыгадных стасункаў, адзначыў, што ў дачыненьнях Менску й Вашынгтону ёсьць нямала пазытыўных аспэктаў, і нарэшце, паводле НТВ, на разьвітаньне павіншаваў Майкла Козака з надыходзячым днём абаронцаў Айчыны. Відавочна, мелася на ўвазе дата 23 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG