Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯРМОШЫНА: ВЫБАРЫ ПРЭЗЫДЭНТА ПРОЙДУЦЬ ПАМІЖ 2 ЛІПЕНЯ І 27 ВЕРАСЬНЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Дату прэзыдэнцкіх выбараў павінна прызначыць так званая Палата прадстаўнікоў. Ейная чарговая сэсія распачнецца 2 красавіка, калі ня будзе скліканая пазачарговая сэсія. Цэнтральнай камісіі патрэбна як найменш тры месяцы на падрыхтоўку й правядзеньне выбараў прэзыдэнта.

Гаворыць Лідзія Ярмошына:

(Ярмошына: ) "Калі парлямэнт 2 красавіка зьбярэцца на сваю сэсію, на чэрвень ён прызначыць выбараў ніяк ня зможа. Таму што скарочаныя тэрміны правядзеньня выбараў магчымыя толькі пры датэрміновых выбарах, калі пасада прэзыдэнта зрабілася вакантнай, прыклад — выбары Пуціна".

Такім чынам, паводле словаў Лідзіі Ярмошынай, выбары могуць прызначыць на час паміж 2 ліпеня й 27 верасьня.

Соймавая канфэрэнцыя КХП БНФ нядаўна зьвярнулася да свайго лідэра Зянона Пазьняка з заклікам узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Са словаў спадарыні Ярмошынай, Зянон Пазьняк ня можа быць зарэгістраваны як кандыдат, хаця афіцыйны камэнтар па гэтай справе можа даць толькі ЦВК у поўным складзе пасьля вывучэньня ўсіх матэрыялаў.

(Ярмошына: ) "Калі казаць пра тэарэтычны падыход, то Пазьняк ня можа быць зарэгістраваны, бо апошнія дзесяць гадоў не жыве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі".

Што да іншага прэтэндэнта — Міхаіла Чыгіра, дык нягледзячы на перасьлед яго праваахоўчымі органамі, магчымасьць рэгістрацыі застаецца, пакуль прысуд да яго не ўступіў у законную сілу.

Цяпер, як зазначыла Лідзія Ярмошына, Цэнтарвыбаркам рыхтуецца да выбараў. У прыватнасьці, складаюць праекты каштарысаў. У гэтых праектах ЦВК зыходзіць з прагнозу, што ў выбарах возьмуць удзел да 15 кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG