Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДРАЗУ ДЗЬВЕ МІСІІ МІЖНАРОДНАГА БАНКУ ЗАВЯРШЫЛІ ПРАЦУ Ў МЕНСКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Адрозна ад супрацоўніцтва ў эканамічнай сфэры, экалягічнае парнэрства не патрабуе ад афіцыйнага Менску абавязковага выкананьня папярэдніх умоваў.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі казалі, што Міжнародны банк не марнуе грошай на другарадныя праекты, але акцэнтуе ўвагу на экалягічных праблемах нацыянальнай значнасьці. Замежным экспэртам спатрэбілася тры тыдні, каб вызначыцца з адрасамі такой дапамогі. Гаворыць кіраўніца экалягічнай місіі Міжнароднага банку Кэрын Шэпардсан:

(Шэпардсан: ) "На сустрэчах разглядалі пытаньне забесьпячэньня пітной вадой сельскай мясцовасьці. Рэч у тым, што многія калодзежы забруджаныя.

Далей — водаканалы. Вялікая праблема — фінансаваньне іхнай дзейнасьці. Вельмі надзённай справай ёсьць прыцягненьне сюды інвэстыцыяў. Водаканалы мусяць трансфармавацца ў бізнэс-прадпрыемствы, што акуплялі б свае паслугі. І гэты дыялёг будзе працягвацца, каб знайсьці нейкія рашэньні, якія прымальныя й карысныя для Беларусі".

Паводле словаў Кэрын Шэпардсан, складаная экалягічная сытуацыя цяпер на поўдні Беларусі. Яна лічыць, што цяперашняе землекарыстаньне ў гэтым рэгіёне неэфэктыўнае. Таксама бясплённыя дзеяньні ўладаў і ў выкарыстаньні айчынных энэргарэсурсаў.

Другі накірунак бязвыплатнай дапамогі з боку Міжнароднага банку — сфэра аховы здароўя. Тут банк акцэнтаваў увагу на змаганьні з сухотамі — шмат хто хварэе на сухоты цяпер у Беларусі, асабліва ў месцах зьняволеньня. Кіраўніца місіі аховы здароўя Джаана Гадынха зазначыла:

(Гадынха: ) "Што да колькасьці зьняволеных, хворых на сухоты, дык гэтая хвароба ў беларускіх турмах мае масавы характар. Паводле лічбаў, якія мы атрымалі ад Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства аховы здароўя, хварэюць на сухоты у турмах у 30 разоў часьцей за грамадзтва ў цэлым.

Зараз колькасьць хворых зьняволеных дасягнула 4 500 чалавек. Гэта вельмі шмат, і выклікана гэта ўмовамі ўтрыманьня зьняволеных".

Паводле словаў кіраўніцы місіі аховы здароўя Джааны Гадынха, экспэрты Міжнароднага банку наведалі турмы Маладэчна й Шклова і самі пабачылі, што статыстыка па сухотах праўдзівая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG