Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫКРЫТЫ РАСЕЙСКІ ШПІЁН У ЗША


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У іншым сакрэтным месцы ў парку яго ўжо чакала ўзнагарода – пакет з 50 тысячамі даляраў, – паведамляе газэта New York Times.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джорж Буш сказаў, што абвінавачаньні супраць Гансэна “надзвычай сур’ёзныя,” – піша сёньняшняя Washington Post. “Гэта быў цяжкі дзень для тых, хто любіць нашую краіну, і асабліва для тых, хто служыць нашай краіне ў сілавых і разьведвальных структурах,” – заявіў прэзыдэнт…

Агенту ФБР Робэрту Гансэну 56 гадоў. 27 гадоў ён адпрацаваў ў Фэдэральным Бюро Расьсьледаваньняў і 15 зь іх займаўся шпіёнскай дзейнасьцю на карысьць Масквы. За гэты час расейцы заплацілі Гансэну 1 мільён 400 тысячаў даляраў гатоўкай. Апрача гэтага, яму плацілі дыямантамі, а таксама пераводзілі грошы на заведзеныя на ягонае імя банкаўскія рахункі.

Страты ад шпіёнскай дзейнасьці Гансэна яшчэ не падлічаныя, але, паводле дырэктара ФБР Люі Фрыя, яны вельмі значныя. Так, ужо вядома, што менавіта Гансэн выдаў трох агентаў, якія працавалі ў Расеі на карысьць Злучаных Штатаў. Двое зь іх (Сяргей Маторын і Валеры Мартынаў) былі пакараныя сьмерцяй, трэці (Барыс Южын) пасьля заканчэньня свайго турэмнага зьняволеньня эміграваў у ЗША, – паведамляе New York Times.

На сумленьні Гансэна перадача Расеі ядзерных сакрэтаў, зьвестак у тэхніцы шпіёнства і спосабаў працы контрвыведкі, – чытаем на старонках газэты Financial Times.

“Калі меркаваць паводле пісьмовых сьведчаньняў, – піша газэта, – то можна намаляваць партрэт дасьведчанага агента, які ўжываў усе свае здольнасьці, каб пазьбегнуць арышту. На думку Люі Фрыя, Гансэн ніколі не даваў сваім расейскім наймальнікам зьвестак, якія дапамаглі б высьветліць ягоную асобу, і рэгулярна праглядаў дакумэнтацыю ФБР, каб пераканацца, што за ім ніхто ня сочыць. Апрача гэтага, каб пазьбегнуць падазрэньняў, Гансэн жыў сьціпла”. Расейскаму боку ён быў вядомы толькі як “Рамон” альбо агент “Б”, – дадае да гэтага Washington Post і працягвае:

“Экспэрты параўноўваюць дзейнасьць Гансэна зь дзеяньнямі колішняга супрацоўніка ЦРУ Олдрыджа Амэса, які ў 94-м годзе, пасьля 9 гадоў шпіёнства на карысьць Расеі, быў арыштаваны. Дзеяньні Амэса былі зьвязаныя з пакараньнямі сьмерцяй 10 агентаў ЗША”.

Што ж да ФБР, то Гансэн – трэці расейскі шпіён у шэрагах гэтай установы. Ягоныя папярэднікі – Эдвін Пітц і Рычард Мільлер былі асуджаныя за тоесныя злачынствы ў 97 і 84 гадох.

На сёньня Гансэн абвінавачваецца ў шпіёнскай змове і шпіёнстве, што можа пацягнуць за сабой пажыцьцёвае зьняволеньне альбо пакараньне сьмерцяй, калі спраўдзяцца падазрэньні тыпу продажу ядзерных сакрэтаў.

Тым часам агенства ВВС паведамляе, што стаць шпіёнам Гансэна, як выглядае, натхніў прыклад брытанскага разьведчыка Кіма Філбі, які супрацоўнічаў з СССР. Афіцыйныя асобы цьвердзяць, што адзінай матывацыяй агента былі грошы, аднак у адным са сваіх леташніх лістоў Гансэн напісаў: “Могуць падумаць, што я альбо неразважліва сьмелы, альбо папросту вар’ят. Я сказаў бы – ні першае, ні другое. Я як вар’ят адданы… Я прыняў гэтую пастанову яшчэ ў 14-гадовым узросьце, калі прачытаў кніжку Кіма Філбі. Гэта ўжо сапраўды вар’яцтва!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG