Мэтай цяперашняй місіі Міжнароднага валютнага фонду было ўзгадніць умовы, пры якіх магчымае вяртаньне да спыненага ў 1995 годзе супрацоўніцтва. Найперш зацікаўленыя ў гэтым ўлады Беларусі, таму ўмовы ставіць МВФ. Прадстаўнікі МВФ сёньня паведамілі ўмовы прэм'еру Ўладзімеру Ярмошыну.
Вось што сказаў на гэты конт на выніковай прэсавай канфэрэнцыі сталы прадстаўнік місіі ў Менску Марк Хортан:
(Хортан: ) "Гэтыя абавязковыя папярэднія ўмовы прадугледжваюць абавязковы перагляд бюджэту на 2001 год. Мы чакаем, што такі перагледжаны бюджэт будзе прадстаўлены Савету міністраў у сярэдзіне красавіка.
Мусіць быць зьменшанае фінансаваньне ўраду Нацыянальным банкам. Апроч таго, шэраг мераў, зьвязаных зь меркаваным падвышэньнем заробкаў. Улады абяцаюцца ўстрымлівацца ад указаньняў камэрцыйным банкам наконт крэдытаваньня сельскай гаспадаркі.
І трэцяе — гэта канкрэтныя крокі ў галіне лібэралізацыі цэнаў", — зазначыў спадар Хортан.
Толькі пры выкананьні гэтых трох умоваў Міжнародны валютны фонд можа з 1 красавіка распачаць у Беларусі адмысловую Праграму маніторынгу, якая разьлічаная на 6 месяцаў і, паводле тлумачэньня прадстаўнікоў МВФ, не прадугледжвае аніякага фінансаваньня Фондам беларускай эканомікі.
Гэта будзе час пільнага кантролю экспэртамі МВФ за эканамічнымі працэсамі ў Беларусі. Фонд, напрыклад, будзе цікавіцца памерам валютных назапашваньняў краіны альбо ейным бюджэтным дэфіцытам.
МВФ таксама мяркуе запатрабаваць ад беларускіх уладаў правядзеньня ў эканоміцы структурных рэформаў, паскарэньня прыватызацыі малых ды сярэдніх прадпрыемстваў, зьмяненьня шэрагу ўказаў і дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі беларускія ўлады на патрабаваньні Фонду? Вось што адказала на гэтае пытаньне кіраўніца цяперашняй місіі МВФ Марка дэ Кастэла Бранка:
(дэ Кастэла Бранка: ) "Усе гэтыя абавязковыя папярэднія ўмовы дэталёва абмяркоўваліся супрацоўнікамі спадара Ярмошына ў Нацыянальным банку, Міністэрстве фінансаў, урадзе. І гэтыя мерапрыемствы адпавядаюць духу Праграмы маніторынгу, якую мы ўзгаднялі.
Паводле словаў прэм'ера Ярмошына, ён лічыць, што гэтыя ўмовы будуць выкананыя".