Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫК ЦІ ПРАСІЛІ МІЛІЦЫЯНТЫ ГРОШЫ Ў БІЗНЭСМЭНАЎ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Падрыхтоўка да сьвяткаваньня дзясятых угодкаў Камітэту па арганізаванай злачыннасьці пачалася для ягонага кіраўніцтва са скандалу.

У недзяржаўным друку зьявілася інфармацыя, што Камітэт зьбірае зь фірмаў грошы на сьвяточныя мерапрыемствы. Паводле зьвестак агенцыі БелаПАН, кіраўнік гэтага ведамства спадар Мядзьведзеў нібыта даслаў лісты некаторым менскім фірмам за сваім подпісам.

Цытата з аднога ліста: “Для арганізацыі й правядзеньня юбілейных мерапрыемстваў распрацаваны й зацьверджаны канкрэтны плян… Ягоная рэалізацыя патрабуе значных фінансавых сродкаў, паводле ж заканадаўства, выдаткаваць такія сродкі зь дзяржаўнага бюджэту немагчыма.

Таму прашу вас дапамагчы фінансаваць плянаваныя мерапрыемствы й пералічыць як ахвяраваньне на іхнае правядзеньне 1 000 000 рублёў на пазабюджэтны рахунак Камітэту”, — пра гэта быццам бы просіць Міхаіл Мядзьведзеў сваіх невядомых спонсараў.

Сёньня я зьвязаўся па тэлефоне з кіраўніком Камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю й карупцыяй. Спадар Мядзьведзеў гэтыя зьвесткі катэгарычна абверг.

(Мядзьведзеў: ) "Гэта лухта нейкая".

(Карэспандэнт: ) "Не было такога?"

(Мядзьведзеў: ) "Вядома, не".

(Карэспандэнт: ) "Але ж сьвята вы ладзіце?"

(Мядзьведзеў: ) "Сьвята — так, зь песьні слова ня выкінуць. Але каб шапку па коле пускаць! Нехта хоча трохі смуроду дадаць".

Дарэчы, і ў Міністэрстве сумняюцца, што інфармацыі пра збор сродкаў на юбілей праўдзівая.

“Наўрад ці яны будуць гэтак рабіць. Ва ўсякім разе, за два гады маёй працы я пра такое ня чуў”, — сказаў мне прэсавы сакратар МУС Дзьмітры Партон. Праўда, ён ня выключыў, што магчымыя нейкія ахвяраваньні, прыкладам, на друкаваньне спэцыяльнай ці іншай літаратуры, але, паводле Дзьмітрыя Партона, “выключана, каб міліцыя некага прымушала ахвяраваць на гэта грошы”.

Між тым, журналіст БелаПАН Вячаслаў Буткевіч, які агалосіў гэтыя зьвесткі, працягвае сьцьвярджаць, што ягоныя крыніцы дакладныя. Журналіст мае копію ліста з подпісам Міхаіла Мядзьведзева, адрасаванага адной зь менскіх фірмаў. Назвы фірмы ён не называе, але Вячаслаў Будкевіч прывёў для Свабоды нумар пазабюджэтнага рахунку Камітэту, пазначаны ў гэтым лісьце: 3622208091013 ва ўпраўленьні Нацыянальнага банку па Менску й Менскай вобласьці.

Прэсавы сакратар МУС Дзьмітры Партон паведаміў карэспандэнту Свабоды, што будзе праведзеная пільная праверка зьвестак пра тое, што Камітэт па арганізаванай злачыннасьці нібыта зьбірае зь фірмаў грошы на сьвяткаваньне свайго юбілею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG