Арганізавала яго на пляцы Волі насуперак рашэньню гарвыканкаму, які зьмяніў мейсца акцыі, ініцыятыўная група юнакоў і дзяўчат супраць будаўніцтва ў экалягічна небясьпечным раёне гораду нафтаперапрацоўчага комплексу. Ад гэтае групы, у якую уваходзяць чальцы дэмакратычных партыяў і нават беларускага камсамолу, на плошчу выйшлі сябра АГП Ірына Байдак і маладафронтавец Сяржук Аксімовіч. Да іх далучыўся й навучэнец Дзюсельдорфскае мастацкае акадэміі Эдуард Бохан. Дзеля гэтага ён спэцыяльна прыехаў зь Менску.
Міліцыянты на чале з маёрам Сухадолавым, якія чакалі побач, ужо праз некалькі сэкундаў падскочылі да пікетоўцаў. Але пікет разгорнутымі плякатамі і бел-чырвона-белым сьцягам адразу прыцягнуў увагу мінакоў. Сабраўся натоўп і людзі пачалі абмяркоўваць тэксты плякатаў: “Здароўе беларускай нацыі – перш за ўсё” і “Чыноўнікам – прэфэрэнцыі, расейскім бізнэсоўцам – грошы, віцяблянам – сапсаваныя паветра, здароўе, жыцьцё”.
Сяржук Аксімовіч раздаваў улёткі, у якіх гаварылася пра экалягічную небясьпеку для месьцічаў будаўніцтва ў свабоднай эканамічнай зоне вышэй па цячэньні Дзьвіны нафтаперапрацоўчага комплексу. Гэты комплекс з выкарыстаньнем састарэлых абсталяваньня і ёмістасьцяў былога ваеннага аэрадрому мяркуюць пабудаваць расейскія фірмы. Адпаведнае незалежнае экалягічнае экспэртызы, на якой настойвае ініцыятыўная група, ніхто рабіць не зьбіраецца. Аднак міліцыянты хутка вырвалі улёткі і пад недаўменныя погляды месьцічаў, якія ня бачылі ў клопаце аб сваёй будучыні ніякага крыміналу, правялі пікетоўцаў у пад’ехаўшую машыну.
Разам зь імі затрымалі й вашага карэспандэнта, што дало яму магчымасьць назіраць, як складаліся рапарты, і слухаць дакоры міліцэйскіх кіраўнікоў: маўляў, чаго вам, дэмакратам, патрэбна – вунь колькі дывізіяў сілавых структураў, а сіла салому ломіць. Але галоўнай думкай усё ж праходзіла, што яны, міліцыянты, толькі выконваюць свой абавязак і будуць заўсёды патрэбныя любой уладзе.
Праз 50 хвілінаў журналіста які, дарэчы, хацеў застацца да заканчэньня працэдуры, з пастарунку выправадзілі, а ўдзельнікаў акцыі пратрымалі каля дзьвюх гадзінаў, сканфіскавалі ўсе прылады, якія яны выкарыстоўвалі на акцыі, і цяпер яны чакаюць позвы ў суд.