Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРАФСАЮЗЫ ВЫПРАЦОЎВАЮЦЬ ТАКТЫКУ НАСТУПНЫХ ДЗЕЯЯНЬНЯЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Галіновы прафсаюз аўтасельгасмашу, паводле словаў лідэра гэтага прафсаюзу Аляксандра Бухвостава, мяркуе прааналізаваць вынікі акцыі ды скарэктаваць свае дзеяньні. Гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "Нельга перабудаваць прафсаюзы за адзін дзень, за год, ды нават за некалькі гадоў. Гэтая праблема цесна зьвязаная са зьменаю пакаленьняў у рабочым руху.

Дзесяцігодзьдзямі рабочым даводзілі, што пра іх паклапоціцца нехта іншы. Зараз мы назіраем незадаволенасьць працоўных. Але іхная сьвядомасьць, на жаль, ранейшая.

Рабочым патрэбная праўдзівая інфармацыя, бо ўлады дэзінфармуюць іх пра сацыяльна-эканамічны стан. Калі рабочыя самі зразумеюць гэта, будзе адбывацца працэс іхнай палітызацыі, палітычных выступаў супраць улады", — лічыць Аляксандар Бухвостаў.

Найпершай задачай прафсаюзаў лідэр аўтасельгасмашу лічыць актыўны ўдзел у кампаніі выбараў на прэзыдэнта. Прафсаюзныя структуры абмяркоўваюць падрыхтоўку да выбарчай кампаніі, нягледзячы на папярэджаньні ўладаў. Між тым, старшыня яшчэ аднаго галіновага прафсаюзу — Беларускага прафсаюзу авіяработнікаў — Яўген Бурак лічыць, што да гэтых папярэджаньняў варта ставіцца сур’ёзна:

(Бурак: ) "Ад нас жа якраз чакаюць, што мы ў палітыку кінемся. У гісторыі прафсаюзаў быў такі страшны момант, калі прыйшлі да ўлады бальшавікі. Памятаеце, там былі праблемы ў чыгуначных прафсаюзаў, якія не ўспрынялі бальшавіцкай улады? Іх расьпусьцілі і зьнішчылі.

Палітыка так ці інакш прыйдзе. Прыкладам, камісіі выбарчыя збольшага фармуюць на прадпрыемствах. Вось там, на агульным сходзе, калі будуць вылучаць членаў выбарчых камісіяў, — без прафсаюзаў не абысьціся", — зазначыў Яўген Бурак.

Актыўна рыхтавацца да сёлетніх выбараў заклікаюць і лідэры дэмакратычных прафсаюзаў. У прыватнасьці, так лічыць старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы. Ён перакананы, што прафсаюзныя актывісты сёньня мусяць ісьці ў працоўныя калектывы, цэхі і ўчасткі заводаў.

(Трошчы: ) "Варта вучыць людзей. На тэрыторыі прадпрыемстваў гэта немагчыма. Напярэдадні мітынгу мяне не пусьцілі на маторны завод. Таму нічога не застаецца, як шукаць месцы для збору рабочых па-за прадпрыемствамі. Трэба пераконваць рабочых, што рэжым Лукашэнкі вядзе абсалютна непрымальную эканамічную палітыку", — мяркуе Віктар Трошчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG