Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУНІНЕЦКАМУ ДРЭВААПРАЦОЎЧАМУ КАМБІНАТУ З-ЗА ДАЎГОЎ АДКЛЮЧЫЛІ ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦЬ


Аляксей Дзікавіцкі, Лунінец

Як нам паведаміла галоўная бугальтарка Лунінецкага дрэваперапрацоўчага камбінату Ірына Альцэвановіч, запазычанасьць толькі па аплаце электраэнэргіі — каля 25 мільёнаў рублёў. Яшчэ каля 400 тысячаў рублёў камбінат вінаваты сваім рабочым, некаторыя зь іх не атрымалі заробку яшчэ за леташні сьнежань.

Дарэчы, сярэдні заробак на прадпрыемстве складае ўсяго каля 20 тысячаў рублёў. Цяпер асноўны цэх камбінату не працуе, і пераважную большасьць рабочых выправілі ў змушаны адпачынак, а неўзабаве іх могуць звольніць па скарачэньні.

На пачатку лютага даведзеныя да адчаю рабочыя хадзілі шукаць дапамогі ў райвыканкам, куды тады прыяжджалі намесьнік старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Леанід Цупрык ды начальнік Дзяржаўнага падатковага камітэту Канстанцін Сумара. Тады высокія чыноўнікі паабяцалі дапамагчы прадпрыемству адтэрмінаваць некаторыя сплаты ды забясьпечыць яго электраэнэргіяй. Аднак дагэтуль дапамогі камбінат не атрымаў.

Нашмат большыя запазычанасьці за дрэваперапрацоўчы камбінат маюць яшчэ некаторыя прадпрыемствы Лунінеччыны. Паводле словаў загадчыка службы продажу энэргіі прадпрыемства Пінскія электрычныя сеткі Сяргея Канановіча, толькі Лунінецкія ды Мікашэвіцкія камунальныя гаспадаркі вінныя больш чым па 200 мільёнаў рублёў.

Нягледзячы на вялікія запазычанасьці, спыняць пастаўкі энэргіі на згаданыя прадпрыемствы нельга, бо гэта пазбавіць горад вады ды спыніць працу іншых камунальных службаў.

У суседнім Столінскім раёне адно толькі прадпрыемства Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў віннае электрычным сеткам каля паўмільярда рублёў.

Акрамя прамысловых прадпрыемстваў, вялікія запазычанасьці перад Пінскімі электрасеткамі маюць і калгасы. Прыкладам у Пінскім раёне запазычанасьць калгасаў складае больш за 2 мільярды рублёў. Цалкам разьлічваецца за энэргію толькі адзін калгас, а большасьць калектыўных гаспадарак спынілі выплаты яшчэ ў 1996 годзе. Калгасы Лунінеччыны вінныя электрасеткам больш за мільярд. Адключыць электраэнэргію калгасам таксама нельга, бо спыніцца сельскагаспадарчая вытворчасьць.

Як вынік, надзеі на тое, што прадпрыемствы, якім адключылі энэргію, змогуць безь яе зарабіць грошай на аплату запазычанасьці, амаль няма. Наўрад ці разьлічацца за электраэнэргію й калгасы. Застаецца спадзявацца, што даўгі, як заўсёды, проста "сьпішуць". Інакш, прадпрыемствы давядзецца зачыніць, а гэта значыць — пакінуць некалькі соцень людзей бяз працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG