Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕЛЯЗЬНЁЎ: БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ САЮЗ У ВАРОЖЫМ КОЛЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка гэтую сэсію Парлямэнцкага сходу праігнараваў, палічыўшы яе ня надта важнай. Ён прымаў парлямэнцкіх дзеячоў з Расеі ў сваёй рэзыдэнцыі.

Тым ня менш, сьпікер расейскай Дзярждумы Генадзь Селязьнёў, прыляцеўшы ў Менск, заявіў, што будзе падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку на будучых прэзыдэнцкіх выбарах "абедзьвюма рукамі".

Праігнаравала гэтую сэсію й дэпутацкая дэлегацыя зь Югаславіі. Спадар Селязьнёў патлумачыў гэта тэрміновым паседжаньнем сэрбскага парлямэнту, аднак відавочна, што пасьля зьмены ўлады ў Югаславіі ейнае далучэньне да саюзу Беларусі й Расеі ўжо неактуальнае.

Увогуле, і ва ўрадзе Расеі ня надта сур’ёзна ставяцца да інтэграцыйных плянаў. Міхаіл Касьянаў толькі 15 лютага перадаў на разгляд Парлямэнцкага сходу праект саюзнага бюджэту. Леташні бюджэт быў зацьверджаны толькі ў чэрвені.

Паводле словаў Генадзя Селязьнёва, дагэтуль застаюцца на паперы многія палажэньні інтэграцыйнай праграмы, не сфармаваны Сталы камітэт саюзнай дзяржавы.

Пра жорсткае палітычнае ды інфармацыйнае процідзеяньне саюзнай дзяржаве заявіў Генадзь Селязьнёў, адкрываючы сэсію Парлямэнцкага сходу:

(Селязьнёў: ) "З пачаткам новага стагодзьдзя неабвешчаная вайна Захаду супраць саюзу Беларусі й Расеі, супраць жаданьня двух братэрскіх народаў аб’яднацца разгараецца з новай сілай.

Адмова ў міжнародным прызнаньні, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннай Беларусі на баку антысаюзных сілаў, цкаваньне ў СМІ старшыні Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, дыскрэдытацыя рашэньня ўвесьці супольную грашовую адзінку, нарэшце — нядаўні арышт у ЗША дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна. Вось далёка няпоўны пералік варожых акцыяў супраць нашага саюзу ўжо сёлета", — заявіў Генадзь Селязьнёў.

Увесь саюзны бюджэт складае каля 80 мільёнаў даляраў ЗША, дзьве траціны, як плянуецца, дасьць Расея, рэшту — Беларусь. На органы саюзнай дзяржавы плянуецца выдаткаваць 103 мільёны расейскіх рублёў, на вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва — 162 мільёны.

37 мільёнаў расейскіх рублёў пойдзе на фэстываль "Славянскі базар" у Віцебску. Дарэчы, адну песьню з рэпэртуару будучага фэстывалю саюзныя парлямэнтары паслухалі проста ў залі паседжаньняў. Музыку да яе напісаў Ігар Лучанок, словы — Мікалай Дабранраваў. Лучанок паведаміў, што гэта лірычная песьня называецца "Расея — Беларусь".

Вядомы дырыжор Міхаіл Фінберг, які прысутнічаў у залі як госьць, адмовіўся камэнтаваць Свабодзе мастацкія якасьці гэтага новага інтэграцыйнага твору, спаслаўшыся на тое, што ён размаўляў падчас ейнага выкананьня і слухаў няўважліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG