Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫБЫВАЮЦЬ СЯБРЫ РАБОЧАЙ ГРУПЫ ПА БЕЛАРУСІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

У нядзелю 18 лютага ў Менск прылятае сябар швэдзкага рыксдагу, намесьнік Генэральнага сакратара сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі Ўрбан Алін. Ранкам наступнага дня да яго далучыцца сябар нямецкага бундэстагу, таксама сацыял-дэмакрат, прафэсар Герт Вайскірхен.

Візыт сяброў рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ не выпадковы: 23 альбо 24 лютага Сталы камітэт Парлямэнцкай Асамблеі мусіць вызначыцца з адзіным найвышэйшым заканадаўчым органам Беларусі — Вярхоўны Савет 13 скліканьня альбо "Палата прадстаўнікоў" 2 скліканьня.

Да сёньняшняга дня статус найвышэйшага заканадаўчага органу захоўвае Вярхоўны Савет. Пачынаючы з 1997 году, афіцыйныя ўлады Беларусі спрабавалі пераканаць Парлямэнцкую Асамблею ў адваротным. Аднак чатыры разы (двойчы ў фармаце Сталага камітэту і двойчы ў фармаце сэсіі) Парлямэнцкая Асамблея пацьвярджала паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету.

На пачатку бягучага году "Палата прадстаўнікоў" 2 скліканьня зьвярнулася да ПА з просьбаю разгледзець ейныя прэтэнзіі на ролю адзінага найвышэйшага заканадаўчага органу Беларусі.

Згодна з правіламі Парлямэнцкай Асамблеі, калі якая-небудзь краіна аспрэчвае паўнамоцтвы, спрацоўвае працэдура, паводле якой дзеля вывучэньня праблемы ствараецца адмысловая мандатная камісія.

Так адбылося й цяпер. Менавіта мандатная камісія даручыла спадарам Аліну й Вайскірхену, якія ўжо некалькі разоў наведвалі Беларусь, падрыхтаваць адмысловы даклад для мандатнай камісіі.

19 і 20 лютага эўрапейскія парлямэнтары мяркуюць сустрэцца з супрацоўнікамі Міністэрства замежных справаў Беларусі, адміністрацыі Лукашэнкі, Цэнтарвыбаркаму, сябрамі прэзыдыюму Вярхоўнага Савету і кіраўнікамі "Палаты прадстаўнікоў". І ўжо 22 лютага яны прадставяць свае назіраньні ўдзельнікам паседжаньня мандатнай камісіі, на якое, дарэчы, будуць запрошаныя абодва беларускія бакі.

Паводле вынікаў слуханьня мандатная камісія зробіць свае прапановы Сталаму камітэту ПА АБСЭ, які й вынясе свой вэрдыкт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG