Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІСІЯ МІЖНАРОДНАГА БАНКУ ЗАВЕРШЫЛА ПРАЦУ


Міхал Стэльмак, Менск

Кіраўнік місіі Эрык Пэтэрсан абвесьціў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі пра завяршэньне экспэртызы праекту энэргетычнага супрацоўніцтва Міжнароднага банку й Беларусі.

Паводле ягоных словаў, замежныя экспэрты за 10 дзён ажыцьцявілі ацэнку больш як 500 энэргетычных аб’ектаў сацыяльнай сфэры — найперш установаў адукацыі й аховы здароўя. Місія Міжнароднага банку падрыхтавала плян закупаў новага абсталяваньня, якое патрэбнае для рэканструкцыі згаданых аб’ектаў.

Гаворыць Эрык Пэтэрсан:

(Пэтэрсан: ) "Агульная вартасьць інвэстыцыяў, якія патрэбныя для рэалізацыі згаданага энэргетычнага праекту, складае прыблізна 33 мільёны даляраў ЗША.

Апроч таго, яшчэ 1 мільён даляраў будзе накіраваны на тэхнічную дапамогу й садзеяньне. Інвэстыцыі Міжнароднага банку складуць ад 22 да 23 мільёнаў даляраў. Рэшту гэнай сумы ўнясе ўрад Рэспублікі Беларусі", — паведаміў спадар Пэтэрсан.

На думку спадара Пэтэрсана, беларуская доля ў заплянаваным сумесным праекце складзе каля 14 мільёнаў. Свае высновы наконт двухбаковага партнэрства місія Міжнароднага банку, як зазначыў ейны кіраўнік, агучыць неўзабаве ў Вашынгтоне. Практычную рэалізацыю праекту заплянавана распачаць ужо летам. Як паведаміў Эрык Пэтэрсан, у чэрвені партнэры зьбіраюцца падпісаць адпаведную дамову.

Але ў Беларусі рэалізацыя ўсіх валютных праектаў (асабліва буйных) патрабуе асабістага дазволу Аляксандра Лукашэнкі. Між тым, ён апошнім часам усё часьцей "замарожвае" такія праекты. На думку назіральнікаў, гэта выклікана найперш пагражальнай тэндэнцыяй заняпаду аграпрамысловага комплексу краіны ды папулісцкім плянам давесьці сярэдні заробак у Беларусі да 100 даляраў напярэдадні выбараў на прэзыдэнта.

Ці ведае Аляксандар Лукашэнка пра меркаваныя выдаткі Беларусі на рэалізацыю сумеснага зь Міжнародным банкам праекту? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да каардынатара праекту зь беларускага боку Івана Кулікова, які паведаміў наступнае:

(Кулікоў: ) "Я мяркую, што прэзыдэнт цьвяроза ацэньвае сытуацыю і наўрад будзе пярэчыць рэалізацыі гэтага праекта. Але гэта мой погляд. Калі шчыра, мне ніколі не даводзілася гаварыць з прэзыдэнтам. Ягонае рашэньне можа быць станоўчым і таму, што гэта палітычна нэўтральны праект. Ён выгадны і нашай дзяржаве, і Міжнарднаму банку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG