Сёньня "Народная газета" надрукавала інтэрвію першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімера Замяталіна агенцтву “Інтэрфакс”. Замяталін заявіў: "Тэхналёгія простая: усе зьвязаныя зь Беларусьсю ініцыятывы Кангрэсу ЗША пішуцца дэпутатам нашага парлямэнту".
Таму я спытаўся на чарговым брыфінгу ў прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Паўла Латушкі, як ягонае ведамства ацэньвае гэтую заяву ды навошта тады МЗС гэтак нэрвова рэагуе на ініцыятывы амэрыканскага Кангрэсу, калі іх пішуць у Менску. Вось што адказаў спадар Латушка:
(Латушка: ) "Найперш не разумею, дзе вы чулі, каб Міністэрства замежных справаў нэрвова рэагавала.
Я не хацеў бы камэнтаваць гэтага выказваньня — гэта пункт гледжаньня першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Замяталіна. Думаю, што я ня маю права камэнтаваць ягоных выказваньняў".
Паўлу Латушку я задаў і традыцыйнае пытаньне апошніх тыдняў: ці ўзгадняецца дата ўручэньня Аляксандру Лукашэнку даверчых граматаў амбсадарам ЗША ў Менску Майклам Козакам, які чакае гэтае працэдуры амаль 4 месяцы — ад 20 кастрычніка.
(Латушка: ) "Так, мы плянуем, што ўручэньне даверчых граматаў прызначаным паслом ЗША Майклам Козакам адбудзецца на тыдні ад 19 лютага сёлета.
Пра канкрэтную дату прызначанаму паслу ЗША ды іншым надзвычайным і паўнамоцным паслам, якія будуць уручаць даверчыя граматы, паведамяць шляхам, які вызначае дыпляматычны пратакол", — паведаміў прэсавы сакратар МЗС.
Верагодна, спадар Лукашэнка прыме 22 лютага адразу трох амбасадараў — амэрыканскага, італійскага ды ірацкага. Калі, вядома, яму зноў не перашкодзяць абставіны кшталту судовага рашэньня ў Нью-Ёрку пра выдачу "дзяржаўнага сакратара саюзнае дзяржавы" Паўла Барадзіна жэнэўскім пракурорам. Дарэчы, вырашальнае паседжаньне нью-ёрскага суду адбудзецца менавіта 22 лютага.
А 5–6 сакавіка ў Жэнэве будзе беларускі міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў, які возьме там удзел у шматбаковых перамовах пра далучэньне Беларусі да Міжнароднае гандлёвае арганізацыі.
Тымі ж днямі, мажліва, у Жэнэве апынецца ўжо й Павал Барадзін. Таму я задаў спадару Латушку два пытаньні пра экстрадыцыю — ці можа адбыцца сустрэча віцэ-прэм’ера Хвастова з арыштантам Барадзіным у Жэнэве ды як афіцыйны Менск адрэагаваў на адмову Вялікабрытаніі выдаць беларускім уладам Тамару Віньнікаву. Вось што заявіў прэсавы сакратар беларускага дыпляматычнага ведамства:
(Латушка: ) "Сустрэча намесьніка прэм'ер-міністра й міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова з Паўлам Барадзіным не прадугледжваецца.
Што да другога вашага пытаньня — мы разглядаем рашэньне брытанскага боку пра немагчымасьць выдаць спадарыню Віньнікаву як нежаданьне супрацоўнічаць у гэтым накірунку зь беларускім бокам.
Так, сапраўды Беларусь і Вялікабрытанія ня маюць двухбаковых дамоўленасьцяў па выдачы тых ці іншых асобаў. Аднак мы лічым, што незалежна ад гэтага могуць існаваць магчымасьці для такога супрацоўніцтва й для вырашэньня падобных пытаньняў", — паведаміў Павал Латушка, прэсавы сакратар МЗС.
А на маё трэцяе пытаньне пра экстрадыцыю — цяпер ужо намесьніка міністра абароны Беларусі Ўладзімера Ўсхопчыка ў Літву, — спадар Латушка адказаць ня змог, сказаўшы, што ня мае дакладнай інфармацыі пра адпаведны літоўскі запыт.