Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДНОЙ З АХВЯРАЎ УЧОРАШЯНГА ТЭРАКТУ Ў АШКЕЛЁНЕ БЫЎ РЭПАТРЫЯНТ З БЫЛОГА СССР


Алена Ціхановіч, Прага

(Ціхановіч: ) “Добры дзень, Аляксандар. Што Вы ведаеце пра тых, хто загінуў?”

(Прэскоўскі: ) “Пяцёра з тых, хто ўчора загінуў, былі жыхарамі Ашкелёну, можна сказаць, маімі суседзямі. Учора з паловы дня ў горадзе абвешчаная жалоба. З жыхароў нашага гораду, з тых пяці, чацьвера – вайскоўцы, прычым трое зь іх – маладыя жанчыны. Сярод ахвяраў – малодшы сяржант ізраільскай арміі Аляксандар Маневіч, які 6 год таму рэпатрыяваўся ў Ізраіль з Расеі. Ён адзіны сын у маці і ня так даўно быў прызваны ў войска”.

(Ціхановіч: ) “Скажыце, Аляксандар, людзі, вашыя суседзі, да чаго яны рыхтуюцца – да вайны ці да міру? Якія захады палітыкаў яны падтрымліваюць – перамовы або больш жорсткі наступ?”

(Прэскоўскі: ) “Усе гэтыя падзеі адбываюцца праз тыдзень пасьля выбараў галавы новага ізраільскага ўраду. Перамогу на іх атрымаў, як вядома, лідэр правай партыі Лікуд і кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Арыэль Шарон – гэта азначае, што большасьць ізраільцянаў падтрымліваюць жорсткі курс у адносінах да палестынцаў і да палестынскага тэрору”.

(Ціхановіч: ) “Ці адчуваеце Вы або Вашыя знаёмыя шкадаваньне з прычыны, што Вы апынуліся ў зоне канфлікту, які пагражае Вашаму жыцьцю? Магчыма, Вы хацелі б вярнуцца назад?”

(Прэскоўскі: ) “У былых савецкіх людзей няма такіх плянаў. Большасьць зь іх чуецца ў Ізраілі як у сваёй краіне, на сваёй зямлі. Яны служаць у ізраільскім войску…”

(Ціхановіч: ) “Але вось з нагоды таго, што Вашаму жыцьцю нешта пагражае, ці прымаюць людзі нейкія асаблівыя захады перасьцярогі, ці мяняецца стыль жыцьця і паводзінаў, ці адчуваеце Вы сябе ў Ізраілі так, як 10 год таму?”

(Прэскоўскі: ) “Трошку інакш. Гэта ўсё ж блізкі ўсход са сваімі асаблівасьцямі, зь іншым рытмам жыцьця, зь іншай мэнтальнасьцю, але лад жыцьця не мяняецца. Жыцьцё працягваецца. Пасьля кожнай такой трагічнай падзеі, можна сказаць, народ яшчэ больш аб’ядноўваецца”.

(Ціхановіч: ) “Як адбываецца само пахаваньне ў Ізраілі, чым яно адрозьніваецца ад беларускай цырымоніі?”

(Прэскоўскі: ) “Па-першае, гарадзкія могілкі ў Ізраілі падзяляюцца на дзьве часткі – на вайсковую і грамадзянскую, гэта значыць, што тыя вайскоўцы, якія загінулі ўчора, сёньня былі пахаваныя на вайсковай частцы ашкелёнскіх могілак. Цырымонія пахаваньня ў Ізраілі праводзіцца па рэлігійным абрадзе – яе праводзіць рабін, над сьвежай магілай чытаецца памінальная малітва Кадзіш, завяршаецца цырымонія тым, што ўсе прысутныя кладуць на сьвежую магілу маленькі каменьчык як памяць аб памерлым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG