Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУМЕСНАЯ ЗАЯВА ТРОХ УКРАІНСКІХ ЛІДЭРАЎ


Віталь Тарас, Прага

У заяве гаворыцца, што супраць украінскай дзяржавы разьвязаная сапраўдная “псыхалягічная вайна”, і што арганізатарам ды выканаўцам змовы будзе давацца “рашучы адпор усімі законнымі сродкамі”. Незвычайна жорсткую паводле тону й лексыкі заяву многія аналітыкі расцэньваюць як рэзкі паварот Леаніда Кучмы ад празаходніцкай да прарасейскай палітыкі.

Брытанская Financial Times у сёньняшнім нумары адзначае, што Юлія Цімашэнка, якая ўзначальвае адну з дэмакратычных партыяў – “Бацькаўшчына”, выступала непрымірымым апанэнтам Леаніда Кучмы ў сувязі са справай забітага журналіста Георгія Гангадзэ.

Газэта нагадвае, што тысячы ўкраінцаў у мінулыя выходныя выйшлі на вуліцы Кіева з патрабаваньнем адстаўкі Леаніда Кучмы. Ягоныя праціўнікі сьцвярджаюць, што прэзыдэнт меў непасрэднае дачыненьне да сьмерці журналіста.

Намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Мыкола Абіход на мінулым тыдні заявіў, быццам бы сьледзтву ўдалося знайсьці сувязь паміж Юліяй Цімашэнка і скандальнай справай Гангадзэ. Цімашэнка абвергае гэтыя абвінавачаньні, як і абвінавачаньні ў карупцыі ды адмываньні грошай. Яна ўскладае адказнасьць за крызіс у энэргетыцы краіны на кола набліжаных да Кучмы алігархаў.

Міжнародны валютны фонд і Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця ў свой час віталі палітыку рэформаў у галіне энэргетыкі, якія праводзіла Цімашэнка.

Хаця ў сумесным звароце прэзыдэнта, старшыні Вярхоўнай Рады ды кіраўніка ўраду Ўкраіны імя Юліі Цімашэнка ня згадваецца, большасьць палітыкаў і журналістаў лічаць сувязь паміж гэтымі падзеямі відавочнай.

Пра гэта, у прыватнасьці, сказаў па тэлефоне зь Кіеву журналіст ўкраінскай службы Радыё Свабода Сяргей Грабоўскі.

(Грабоўскі: ) “Гэтая заява мае непасрэдную сувязь з арыштам Юліі Цімашэнка. Гэтая заява зьявілася пасьля таго, як апазыцыйны “Форум нацыянальнага ратаваньня” вызначыў галоўныя задачы сваёй дзейнасьці ў мэтах мірнай, я падкрэсьліваю, законнай зьмены ўлады ва Ўкраіне праз грамадзкія вулічныя акцыі і выбарчы мэханізм.

Такім чынам, гэтая заява, як і арышт Юліі Цімашэнка, мае на мэце, на маю думку, стварыць ва Ўкраіне такую сытуацыю, якая зробіць немагчымай свабодную палітычную дзейнасьць і свабодныя дэмакратычныя выбары”.

Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што адным з аўтараў заявы выступіў прэм’ер-міністар Віктар Юшчанка, які раней падтрымліваў апазыцыю, у тым ліку Юлію Цімашэнка. Ці сьведчыць гэта, што Юшчанка канчаткова перайшоў на бок прэздынта Кучмы? Ці гэта нейкі палітычны манэўр з боку прэм’ера? Вось думка Сяргея Грабоўскага.

(Грабоўскі: ) “Я думаю, што сам Віктар Юшчанка можа лічыць гэта палітычным манэўрам, прадыктаваным наступнымі абставінамі: у выпадку адстаўкі Леаніда Кучмы і датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў, ён, як чалавек, што мае прэм’ерскую пасаду, мае большы шанец быць абраным наступным прэзыдэнтам.

Але ў вачох тых палітычных сіл і тых грамадзянаў, якія яго дагэтуль падтрымлівалі, гэта выглядае проста звычайнай здрадай уласным прынцыпам. Нагадаю, што ў сваіх публічных інтэрвію напярэдадні новага году і напачатку сёлетняга году Віктар Юшчанка выказаў поўную салідарнасьць з курсам, які праводзіла Юлія Цімашэнка на пасадзе віцэ-прэм’ера. Але ён пагадзіўся і зь яе адстаўкай, і зь яе арыштам, і падпісаў зварот, вытрыманы ў найлепшых кагэбісцкіх традыцыях старых часоў.

Таму шмат хто зь незалежных аналітыкаў у Кіеве расцэньвае подпіс Юшчанкі пад гэтай заявай як ягонае палітычнае самагубства”.

Як вядома, у нядзелю адбыўся візыт ва Ўкраіну прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, па выніках якога былі падпісаныя 16 двухбаковых пагадненьняў у тым ліку ў галіне засваеньня касьмічнай прасторы, ракетнай прамысловасьці, авіяцыі і г.д. У якой ступені паўплывалі на разьвіцьцё ўнутрыпалітычнай сытуацыі ва Ўкраіне візыт Пуціна ў Кіеў? Гаворыць Сяргей Грабоўскі.

(Грабоўскі: ) “На сувязь паміж гэтымі падзеямі зьвяртаюць увагу ня толькі ўкраінскія, але й расейскія палітыкі. Напрыклад, расейкая газэта “Коммерсантъ” піша наўпрост: Украіна рэзка зьмяніла палітыку арыентацыі на Захад і пабудовы дэмакратыі, рынкавых рэформаў на палітыку пабудовы дэспатычнай улады ў паліцэйскай дзяржаве.

Тут важная яшчэ адна рэч. Уплывовыя парлямэнтары, у тым ліку кіраўнік камітэту Вярхоўнай Рады ў справах паліўна-энэргетычнага комплексу, дэпутат Гудыма заявіў, што падпісаньне ў Днепрапятроўску дамовы з Расеяй ў энэргетычнай галіне ёсьць нацыянальнай здрадай. І я думаю, што гэта таксама сьведчыць пра паварот ва ўнутранай, як і, дарэчы, у зьнешняй палітыцы ўкраінскіх уладаў. Палітычная напружанасьць у краіне ў сувязі з гэтым будзе яшчэ больш узрастаць”.

Па тэлефоне з Кіеву гаварыў Сяргей Грабоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG