Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЯТАЛІН: ПАШКЕВІЧА НАНЯЎ ЗАХАД


Ігар Карней, Менск

Замяталін сьцьвярджае, што Пашкевіча наняў Захад, каб чыніць у Беларусі правакацыі.

Многія заўважылі прыкметнае пераўвасабленьне колішняга намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Івана Пашкевіча. Некаторыя палітычныя аналітыкі нават кажуць, што нарэшце ў Палаце зьявіўся сапраўдны апазыцыянэр.

Цягам апошняга месяца Іван Пашкевіч даў шэраг інтэрвію розным па палітычнай арыентацыі газэтам, дзе сярод іншага нэгатыўна выказаўся пра цяперашнюю адміністрацыю Лукашэнкі.

Пашкевіч выказаў думку, што прэзыдэнцкая кампанія пачынаецца з шэрагу бязглуздых памылак. Вінаваты ў недальнабачнасьці, паводле Пашкевіча, непасрэдна Ўладзімер Замяталін.

Сёньня Замяталін асабіста далучыўся да завочнай спрэчкі. У інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” сярод шэрагу контравыпадаў прэзыдэнцкі ідэоляг сказаў: "Дзе сьвеціцца прозьвішча Пашкевіча, трэба ставіць шыльду: "Сьцеражыцеся! Лепш не чапаць! Правакатар".

Я патэлефанаваў Івану Пашкевічу і пацікавіўся ягонай рэакцыяй на сур'ёзныя абвінавачаньні.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Пашкевіч, па сьвежых сьлядох — як вы расцэньваеце рэзкія выказваньні на свой адрас з боку Ўладзімера Замяталіна?"

(Пашкевіч: ) "Ён такая ж афіцыйная асоба, як і я. Ён — першы нсмесьнік, а я — дэпутат беларускага парлямэнту. Але ж казаць нешта пра мяне пасьля майго інтэрвію і тых адзнак, што даў я, —выглядае на спрэчку двох п'яных. Тое, што ён зрабіў Кебічу, тое ж цяпер робіць ў дачыненьні да прэыдэнта Лукашэнкі.

Я выказаў сваю заклапочанасьць, бо я працаваў у гэтай структуры на карысьць дзяржавы. Мне ня ўсё адно, што ідзе проста разбуральны працэс у дзяржаве, раскол грамадзтва. Тым самым робіцца ўсё, каб адзін з прэтэндэнтаў — А.Лукашэнка — яшчэ задоўга да выбараў атрымаў паразу".

Замяталін робіць выснову, што ўсе, зьвязаныя зь Беларусьсю ініцыятывы Кангрэсу ЗША піша дэпутат Палаты прадстаўнікоў — маўляў, іншых мэтадаў у былога камсамольскага супрацоўніка Пашкевіча няма. Адкуль такая дасьведчанасьць?

(Пашкевіч: ) "Калі я яшчэ працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта, выконваў слушную місію для Беларусі, я быў у Амэрыцы, сустракаўся зь некаторымі кангрэсмэнамі. Людзі Замяталіна й тыя, хто сёньня працуе ў СМІ (прыкладам, Чайка, Росьцікаў, Рузава) выступілі з артыкулам у газэце "Личность" з такім загалоўкам: "Якому прэзыдэнту служыць Іван Пашкевіч?"

Сёньня, калі гэты чалавек займае пасаду першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, я не дзіўлюся. Мне б было дзіўна, каб ён схаваўся, як мыш. Але гэтыя людзі вельмі баяцца гучнай крытыкі на свой адрас. Яны думаюць, што навешваючы шыльды "вораг" на другіх, змогуць закрыць рот таму ці іншаму палітыку".

(Карэспандэнт: ) "У свой час вы ўсё ж былі нейкімі ідэалягічнымі паплечнікамі?"

(Пашкевіч: ) "Ніколі з Уладзімерам Замяталіным не былі мы паплечнікамі. Гэты чалавек ня толькі што ў ідэалягічнай сфэры працаваць ня можа, але нават на канкрэтнай пасадзе, кшталту прамысловай сфэры.

Ён заваліў усё, што можна. Першы мой пісьмовы даклад прэзыдэнту якраз быў аб працы Замяталіна на гэтай пасадзе. Я казаў тады, што гэты чалавек ня здольны працаваць у дзяржаўных структурах".

Гэта быў адказ Івана Пашкевіча Ўладзімеру Замяталіну. Замяталін у інтэрвію “Інтэрфаксу” кажа, што нельга ўсур’ёз успрымаць усё, што гаворыць Пашкевіч. Пашкевіч кажа тое самае пра аратарскія здольнасьці Замяталіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG