Сёньня тры гады, як на вуліцы сярод белага дня ўзброеныя аўтаматамі міліцыянты арыштавалі й кінулі за краты дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Андрэя Клімава.
Клімаў тады ачольваў дэпутацкую камісію па расьсьледаваньні антыканстытуцыйнай дзейнасьці А.Лукашэнкі. Пасля арышту Клімава ўсе матэрыялы, што сабрала камісія, адабралі. Самога дэпутата асудзілі па штучным, паводле беларускіх праваабаронцаў, абвінавачваньні.
Клімаву далі шэсьць гадоў турмы, зь якіх тры ён ужо адседзеў. Нагадаю, што Клімаў віны сваёй не прызнаў і якраз таму не даваў зьбіраць сродкі, каб вярнуць прызначаныя судом страты. Ён меркаваў, што такая кампэнсацыя азначала б прызнаньне віны.
Учора я патэлефанаваў жонцы дэпутата Тацяне Леановіч. Яна паведаміла, што ў Андрэя баявы настрой, ён адчувае сябе нядрэнна й вітае ўсіх сваіх сяброў.
Уладзімер Кудзінаў на гэтым тыдні выйшаў на волю з той самай менскай калёніі, дзе сядзіць А.Клімаў. У.Кудзінаў распавядаў, што напярэдадні вызваленьня бачыўся з Андрэем.
Кудзінаў кажа, што раіў сябру трымацца, не чакаць саступак з боку адміністрацыі і нават у найцяжэйшы момант верыць, што прыйдзе дзень вызваленьня, а некалі прыйдзе й рэабілітацыя.
Кудзінаў згадаў падзеі, якія, на ягоную думку, непасрэдна спрычыніліся да арыштаў дэпутатаў.
(Кудзінаў: ) "У 1996 годзе, лічу, я выканаў свой грамадзянскі абавязак, калі як дэпутат напісаў заяву ў Канстытуцыйны суд пра пачатак імпічмэнту А.Лукашэнку.
Тады гэта было можна зрабіць, але кіраўніцтва Канстытуцыйнага суду ня выявіла пасьлядоўнасьці й цьвёрдасьці. Пасьля ўжо мы ведалі, што ініцыятараў імпічмэнту будуць хапаць".
Дарэчы, Кудзінаў не выключае, што сёлета Андрэя Клімава ўлады вызваляць. "Гэта можа быць перадвыбарчым рэклямным крокам", — кажа Кудзінаў.
***
Тыдзень прынёс новы скандал вакол беларускіх сілавікоў, якія, магчыма, маюць дачыненьне да зьнікненьня беларускіх апазыцыянэраў і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.
У Інтэрнэце зьявілася ананімная заява (быццам бы з пракуратуры) пра тое, што да зьнікненьня Захаранкі, Ганчара й Красоўскага мае дачыненьне цяперашні міністар унутраных справаў, а раней кіраўнік прэзыдэнцкай аховы Ўладзімер Навумаў.
Гэтую інфармацыю абмяркоўвае недзяржаўны друк, дзяржаўныя жа крыніцы яе ігнаруюць. Варта адзначыць заяву былога кіраўніка кантрольнага ўпраўленьня Міністэрства культуры Аляксандра Грачова пра тое, што яго нібыта захапілі ў палон і катавалі спэцназаўцы пад кіраўніцтвам палкоўніка Паўлючэнкі, камандзіра спэцчасткі ўнутраных войскаў.
Нагадаю, што якраз гэты Паўлючэнка ды ягоны падначалены Ігнатовіч былі арыштаваныя па справе зьнікненьня апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.
Потым Паўлючэнку на загад Лукашэнкі са сьледчага ізалятара выпусьцілі, і хаця Ігнатовіч дагэтуль за кратамі, грамадзкасьць падазрае, што расьсьледаваньне зьбіраюцца замарудзіць. Аляксандар Грачоў, інтэрвію якога друкавалі незалежныя газэты, не выключае, што такое цалкам магчыма.
***
Пазаўчора ў Менск вярнуўся былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, які вызваліўся з турмы яшчэ мінулым лістападам, але потым хаваўся, бо яму пагражалі невядомыя. Васіль Лявонаў кажа, што цяпер яму трэба быць дома.
***
Былы прэм'ер Міхаіл Чыгір рыхтуецца да судовага працэсу з падатковай інспэкцыяй. Чыгір даслаў туды заяву з просьбай вярнуць грошы, якія зь яго спагналі як падаткі за працу ў Маскве. Аказваецца, гэтага можна было не рабіць.
Інспэкцыя пагадзілася, што можна было гэтых падаткаў не плаціць, але вяртаць грошы адмаўляецца. Міхаіл Чыгір не выключае, што зьвернецца ў суд.