Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫЁМ ГРАМАТАЎ АД ПАСЛА ЗША ЗНОЎ УЗГАДНЯЮЦЬ З ЛУКАШЭНКАМ


Юры Сьвірко, Менск

Копіі сваіх граматаў Міністэрству замежных справаў перадалі амбасадары Італіі ды Іраку ў Менску.

У часе сёньняшняга брыфінгу прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Паўла Латушкі я запытаў: калі дыпляматычнаму ведамству ўручыць копіі даверчых граматаў новы амбасадар Італіі ў Менску Стэфана Бэнацца, ці ўзгадняецца тэрмін уручэньня Аляксандру Лукашэнку арыгіналаў гэтых граматаў ім, а таксама амэрыканскім амбасадарам Майклам Козакам.

(Латушка: ) "Уручэньне копій даверчых грамат паслом Італіі адбудзецца сёньня ў Міністэрстве замежных справаў Рэспублікі Беларусі.

Што да пытаньня ўручэньня прызначаным паслом ЗША Майклам Козакам даверчых граматаў прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі, дык пытаньне ўручэньня даверчых граматаў узгадняецца", — заявіў прэсавы сакратар МЗС.

Нагадаю, што апошнім часам ён увогуле адмаўляўся камэнтаваць сытуацыю з даверчымі граматамі амбасадара Козака. І вось цяпер афіцыйны Менск вярнуўся да сваёй ранейшай пазыцыі — "тэрмін узгадняецца".

Што да амбасадараў Італіі ды Іраку, дык яны сапраўды ўручылі копіі сваіх граматаў Міністэрству замежных справаў у другой палове сёньняшняга дня. Цяпер у чарзе да спадара Лукашэнкі ўжо тры амбасадары.

Сам жа Аляксандар Лукашэнка ў апошнія месяцы спыніў наведваньне рэгіёнаў Расеі. Цяпер расейскія вобласьці наведвае прэм'ер Уладзімер Ярмошын — сёньня распачаўся ягоны візыт на Арлоўшчыну, а 23 лютага ён зьбіраецца ў Мурманск.

Нагадаю, што раней спадару Лукашэнку забараніў езьдзіць расейскімі рэгіёнамі тагачасны прэзыдэнт Барыс Ельцын. Гэта здарылася ў 1997 годзе, калі ў беларускай турме сядзелі журналісты ОРТ Павал Шарамет і Зьміцер Завадзкі.

Мажліва, цяпер гэткая ж забарона ёсьць з боку Ўладзімера Пуціна. Прынамсі, у беларускіх незалежных газэтах зьявілася інфармацыя з Крамля, што Пуцін не размаўляў з Лукашэнкам нават па тэлефоне з моманту арышту ў Нью-Ёрку Паўла Барадзіна.

Дык чаму ж Аляксандар Лукашэнка спыніў вандроўкі ў расейскую правінцыю, і калі ён апошні раз меў тэлефонную размову з Уладзімерам Пуціным? — спытаўся я ў спадара Латушкі.

(Латушка: ) "Я дакладна ня памятаю даты апошняй тэлефоннай размовы з Пуціным, але прыпамінаю, што ня так даўно такая размова была.

Што да таго, чаму прэзыдэнт перастаў езьдзіць у расейскія рэгіёны, дык з гэтым пытаньнем я б параіў зьвярнуцца да прэс-службы прэзыдэнта", — сказаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў. А прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, як заўсёды, была сёньня па-за межамі дасягальнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG