Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВОРШЫ ПАЧАЎСЯ СУД НАД ПРАДПРЫМАЛЬНІЦАЙ


Браніслава Станкевіч, Ворша

Менавіта аршанскі гарадзкі суд упершыню ў Беларусі пачаў разгляд справаў прадпрымальнікаў, якія парушылі лукашэнкавы ўказ №480 – той самы, супраць якога прадпрымальнікі ў розных гарадох Беларусі даўно і адкрыта пратэстуюць.

Каля месяца таму ў Воршы ўжо разглядалася справа прадпрымальніцы Ірыны Алесенкі, якая не аформіла своечасова мытную дэклярацыю ды не заплаціла своечасова падатак. Тады судовы працэс быў адкладзены з-за выяўленых парушэньняў у складаньні пратаколаў.

Сёньня аналягічная справа разглядалася ў адносінах да Тацяны Бутоўскай. Дарэчы, адсутнасьць мытных дакумэнтаў была выкрытая ў абедзьвюх жанчынаў у адзін дзень – 4 лістапада летась. Таму абаронца падсуднай, юрыст Вольнага прафсаюзу Алег Граблеўскі выступіў з хадайніцтвам аб закрыцьці судовай справы, бо ад часу правапарушэньня ўжо прайшлі два месяцы, вызначаныя адміністрацыйным заканадаўствам для завядзеньня справы. Але судзьдзя Ігар Калесьнікаў – той самы, што вёў і першы судовы працэс, – не пагадзіўся. Абаронца і ў гэтым выпадку запатрабаваў адкладаньня справы для выпраўленьня вызначаных хібаў, але начальнік аддзелу мытных расьледаваньняў і юрыст мытні заявілі, што падсудная маніць, параілі ёй таксама ня слухацца свайго адваката, а рыхтаваць грошы на штраф ды падаткі.

Грамадзкі абаронца Алег Граблеўскі заявіў, што судзьдзя сам пад час перапынку прапанаваў закрыць справу, калі лістападаўскія падаткі будуць сплочаныя хаця б цяпер. Абаронца ад фактычнага падлогу адмовіўся, і далейшае судовае разьбіральніцтва перанесенае на 9 лютага.

Юрыст Вольнага прафсаюзу і грамадзкі абаронца Граблеўскі адзначыў сёньня куды больш жорсткія паводзіны судзьдзі ў параўнаньні зь першым судовым працэсам ды агрэсыўнасьць мытнікаў у дачыненьні да прадпрымальніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG