Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БАРЫСАЎСКІХ ПРАДПРЫЕМСТВАХ КІРАЎНІКІ ВУЧАЦЬ, ЯК ГАЛАСАВАЦЬ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Сёньня майстар заводу “Аўтагідраўзмацняльнік” Юры Цімашэнка прапаноўваў сваім падначаленым пісьмова засьведчыць, што яны ведаюць пра паўторныя выбары ў так званую Палату прадстаўнікоў і гатовыя ўзяць удзел у галасаваньні. Гаворыць рабочы Сяргей Сакалоў:

(Сакалоў: ) "Як я зразумеў з нашай размовы, Барысаўскі гарсавет абавязаў усе дырэкцыі прадпрыемстваў гораду сабраць подпісы пад вось такою цыдулкаю.

Я адмовіўся яе падпісваць. Майстар маімі дзеяньнямі застаўся незадаволены. Я адзін адмовіўся ад такой вось працэдуры. Сапсаваў справаздачнасьць свайму начальству. Хлопцы, якія падпісалі перада мною дакумэнт, заступіліся за мяне. Маўляў, гэта мая асабістая справа — хадзіць на выбары ці не хадзіць.

Я сам лічу, што галасаваць за кандыдатаў у нелегітымную "палатку" сэнсу няма. Бо гэты орган усё роўна не палепшыць становішча рабочых на нашым прадпрыемстве, дзе, дарэчы, зарплату зразаюць", — мяркуе рабочы Сяргей Сакалоў.

На думку кіраўнікоў філіі БСДП "Народная Грамада" (а ейныя актывісты толькі ў сьнежні двойчы выстаўлялі пікеты блізу заводзкай прахадной на знак пратэсту супраць зьніжэньня зарплаты й масавых скарачэньняў рабочых), падобная адмова спадару Сакалову можа дорага каштаваць. На "Аўтагідраўзмацняльніку ", як і на іншых заводах гораду, такія працаўнікі — першыя кандыдаты на прымусовы вымушаны адпачынак з пагрозай наступнага звальненьня.

Хто распарадзіўся зьбіраць подпісы пад памянёным дакумэнтам? Высьветлілася, што гэта здарылася праз два тыдні пасьля таго, як кіраўнік тутэйшае "вэртыкалі " Васіль Бургун выступіў на першай сэсіі гарсавету.

Там за правал у Барысаве выбараў 15 кастрычніка В.Бургун крытыкаваў менавіта дырэктароў прадпрыемстваў і іхных намесьнікаў па ідэалёгіі. Яны "не праявілі належнай увагі да працы зь людзьмі, ня здолелі пераканаць выбаршчыкаў у важнасьці гэтага дзяржаўнага мерапрыемства". Цяпер дырэктарскі корпус такім вось чынам выпраўляе восеньскія памылкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG