Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДРЫХТАВАНАЯ СПРАВАЗДАЧА БГК ЗА ДРУГУЮ ПАЛОВУ 2000 ГОДУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Яшчэ год таму актывісты Беларускага Гельсынскага камітэту казалі, што Беларусь уваходзіць у групу краінаў, дзе правы чалавека ў катастрафічным стане.

Цяпер несуцяшальны дыягназ даводзіцца паўтараць. Чарговы паўгадавы даклад аналізуе сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Выснова — у некаторых галінах справы пагоршыліся.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што пагаршэньне адбылося цягам палітычна актыўнага пэрыяду, калі ішлі парлямэнцкія выбары. Звычайна ў такі час нават вельмі праблемныя краіны перажываюць пэўную адлігу.

Выбары толькі памножылі выпадкі грубых парушэньняў палітычных і грамадзянскіх правоў у Беларусі, канстатуе старшыня БГК Тацяна Процька.

(Процька: ) "Раней наша дзяржава ганарылася тым, што мы найпершыя ў краінах СНД выдалі закон аб правох дзіцяці. Здавалася б, тут у нас усё добра.

Але ёсьць праблемы, якія нас непакояць. Гэта здароўе дзяцей. Гэта магчымасьць бацькоў забясьпечыць дзіцёнку навучаньне на роднай мове. Вельмі важная магчымасьць — даць дзіцёнку такое рэлігійнае выхаваньне, як хочуць бацькі. Магчымасьцяў такіх мы цяпер ня маем. Ёсьць праблемы, зьвязаныя з жорсткасьцю ў дачыненьні да дзяцей, з гвалтам над дзецьмі ў сям'і, ў школе".

Многія трывожныя прагнозы зь мінулай справаздачы БГК пацьвердзіліся. Гэтак, праваабаронцы выказвалі занепакоенасьць станам недзяржаўнага друку. Стан быў вельмі складаны, а цяпер яшчэ горшы. У разьдзеле справаздачы пра стан прэсы фігуруюць ажно 12 гучных справаў уціску альбо закрыцьця недзяржаўных газэтаў — гэта ўдвая больш за першую палову 2000 году.

Значная частка разьдзелу пра грамадзкія аб’яднаньні распавядае пра напады й рабаваньні офісаў недзяржаўных арганізацыяў — такіх выпадкаў ужо больш за дзесяць, аніводнага злачынцы не знайшлі.

Але самым небясьпечным праваабаронцы лічаць сталы рост парушэньняў правоў людзей на жыцьцё, на ахову здароўя, на судовую дапамогу. Прычым, усё часьцей гэта датычыць дзяцей.

(Процька: ) "Мы кажам пра тыя недахопы, што былі раней. Нічога не зьмянілася — няма незалежнага суду, няма справядлівага суду. Адна рэч — судовыя памылкі, іншая — сталая залежнасьць суду ад мясцовай улады.

Падзеі з выбарамі на гэта паказваюць Мы ў 7 акругах зафіксавалі фальсыфікацыі і адкрыта пра гэта кажам. І праз суд мы ня можам даць рады. Пракуратура адмаўляецца распачынаць крымінальную справу. І хоць мы дабіваемся новых пераглядаў, кажам: пакажыце пратаколы, што сьведчаць пра праўдзівасьць вынікаў. Не паказваюць. А суд не прымае справу да разгляду".

Старшыня БГК Тацяна Процька распавяла пра зьбіцьцё 35 падлеткаў у 2-й працоўнай дзіцячай калёніі. Паводле БГК, дзяцей прывялі туды на выхаваўчую экскурсію як цяжкіх падлеткаў, а там зьбілі палкамі ды адабралі асабістыя рэчы. Вінаватых не пакаралі, затое адміністрацыя калёніі падала пазоў на журналістаў, якія паведамілі пра гэты выпадак.

“Беларускі Гельсынскі камітэт канстатуе, што у Рэспубліцы Беларусі істотна парушаюцца асноўныя прынцыпы ўстойлівага чалавечага развіцьця”, — заяўляюць праваабаронцы ў справаздачы БГК за другую палову 2000 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG