Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗЫ ПАДАЛІ НА ДЫРЭКТАРА МТЗ ЛЯВОНАВА ЗАЯВУ Ў ПРАКУРАТУРУ


Міхал Стэльмак, Менск

Прафсаюзная заява сьцьвярджае, што генэральны дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў парушае Крымінальны кодэкс Беларусі. Менавіта два артыкулы кодэксу — 194 і 423.

Дакумэнт Свабоднага прафсаюзу адзначае, што крымінальны характар парушэньняў кіраўніка трактарнага заводу выкліканы тым, што ён ігнаруе леташняе рашэньне Рэспубліканскага працоўнага арбітражу. Паводле таго рашэньня, адміністрацыя МТЗ прайграла калектыўную спрэчку мясцовай арганізацыі дэмакратычнага прафсаюзу.

Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы:

(Трошчы: ) "Зь леташняга сакавіка дырэктар не выконвае рашэньня Рэспубліканскага працоўнага арбітражу ў такіх пытаньнях як правядзеньне перамоваў па калектыўнай дамове, бесьперашкодны ўваход старшыні першаснай суполкі Свабоднага прафсаюзу на тэрыторыю прадпрыемства, цэнтралізаванае пералічэньне прафсаюзных унёскаў, забесьпячэньне прафсаюзу завадзкой інфармацыяй і гэтак далей.

Усе суды, што разглядалі нашы скаргі, таксама выносілі рашэньні на нашу карысьць. Але генэральны дырэктар упарта ігнаруе іх. Спадар Лявонаў паводзіць сябе гэтак таму, бо мае падтрымку ў адміністрацыі Лукашэнкі", — мяркуе Віктар Трошчы.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў перакананы, што генэральны дырэктар МТЗ выконвае палітычны заказ уладаў. Найбольш, на ягоную думку, пазыцыя кіраўніка МТЗ умацавалася ў сувязі з распачатай нядаўна адміністрацыяй Лукашэнкі новай хваляй ціску на беларускія прафсаюзы.

Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу МТЗ Вячаслаў Козел:

(Козел: ) "У офісе Свабоднага прафсаюзу адключылі тэлефонную сувязь. Завадзкое кіраўніцтва ўвесь час нам пагражае, што прафсаюз выкінуць з памяшканьня.

Гэтыя пагрозы небеспадстаўныя. У мінулую суботу да нас прыйшоў прадстаўнік тэхнічнай службы прадпрыемства і сказаў, што яму нібыта далі каманду адключыць у офісе электрычнасьць.

Апроч таго, на прадпрыемстве зьявілася негалосная дырэктыва завадзкога начальства, каб звальняць сяброў Свабоднага прафсаюзу мэталістаў з заводу".

Новай хвалі антыпрафсаюзных дзеяньняў на МТЗ чакаюць з-за нядаўняга стыхійнага выступу рабочых. Зараз адміністрацыя высьвятляе завадатараў рабочага бунту, якія 26 студзеня вырашылі з-за затрымкі заробкаў выйсьці на трамвайныя рэйкі. Гэты пратэст меў вялікі розгалас у працоўным калектыве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG