Старшыня Барысаўскага раённага суду Сяргей Мікуліч і пракурор сёньня перагледзелі справу дэпутата Кудзінава. Прысуд Уладзімеру Кудзінаву зьмянілі: замест 7 гадоў цяпер ён мае 5 гадоў пазбаўленьня волі, што, улічваючы год амністыі, азначае хуткае вызваленьне дэпутата.
Судзьдзя Сяргей Мікуліч у інтэрвію для Радыё Свабода заявіў, што, відаць, Кудзінава вызваляць 5 лютага — у дзень, калі споўніцца 4 гады з дня арышту.
“Цяпер усё залежыць не ад мяне, а ад установы, якая выконвае пакараньне”, — сказаў судзьдзя. Нагадаем, яшчэ ўчора сп. Мікуліч ня мог назваць дакладнай даты перагляду справы і не выключаў, што справу адправяць на перагляд у абласны суд,— гэтага ён камэнтаваць не пажадаў.
“Ужо ўвечары мы вырашылі, дакладней, адпаведныя органы вырашылі, што справу трэба разглядаць у нас, што й зрабілі. Мы дзейнічалі", — сказаў Сяргей Мікуліч.
Яшчэ ён патлумачыў, чаму Кудзінаву вынесьлі найбольшае, паводле новага Кодэксу, пакараньне: “Гэтак рэкамэндуе рабіць Вярхоўны суд”, — сказаў судзьдзя.
Нагадаю, паводле былога Кодэксу Кудзінаў атрымаў 7 гадоў турмы, але гэта быў найменшы тэрмін — найбольшы тады быў 15 гадоў.
Жонка дэпутата Зоя Кудзінава не хавае радасьці ад навіны, пра якую даведалася сёньня раніцай. Яна ўжо думае пра тое, як сустракаць мужа.
(Кудзінава: ) "Ведаеце, мне галава нават трохі закруцілася — як падумаю, колькі мне трэба зрабіць гэтымі днямі, каб сустрэць мужа. Нешта трэба пакласьці ў лядоўню, бо лядоўня пустая зусім — гэта найперш. Другое, гэта прыбрацца добра ў хаце, каб было чыста й утульна, як ён прывык.
Трэба купіць яму нейкую вопратку, бо ён жа пахудзеў на цэлых 40 кіляграмаў — каб ён выглядаў больш-менш, трэба яму купіць усё новае. Гэтымі днямі трэба ўсё гэта зрабіць".
Цікава было выслухаць вэрсію Зоі Кудзінавай наконт таго, чаму гэтак раптоўна барысаўскі судзьдзя перадумаў і ўсё ж правёў перагляд справы. Яна згадала вось што:
(Кудзінава: ) "Я патэлефанавала а 9-й раніцы, ён сказаў, што справа ўжо перагледжаная судзьдзём у прысутнасьці пракурора. Калі я спыталася, чаму адваката не было, ён адказаў: гэта чыстая фармальнасьць, і 5 лютага вашага мужа адпусьцяць на волю.
Але, кажа, перадайце ўсім сваім карэспандэнтам, каб яны мяне больш не дзяўблі. Гэтая фраза старшыні суду, мне здаецца, шмат пра што кажа".
Спробы ўдакладніць, ці выйдзе Ўладзімер Кудзінаў на волю 5 лютага і а каторай гадзіне гэта можа адбыцца, плёну не далі. Ва ўстанове УЖ 15/1, дзе трымаюць дэпутата, адказалі, што яшчэ ня маюць ягонай справы. Аднак мяркуюць, што ўжо заўтра ўсё будзе вядома.
Зоя Кудзінава мае намер з раніцы ў панядзелак чакаць мужа ля турэмнай брамы. Хаця яна і ня пэўная, што ўсё будзе без праблемаў.
(Кудзінава: ) "Вядома, зьбіраюся сустрэць, але як гэта будзе, яшчэ ня ведаю. Можа, яны надумаюць яго ўначы вызваліць, каб ніхто не сустракаў. А я патэлефанавала ўсім сваім сябрам, яны ўсе думаюць туды ехаць, сустракаць Валодзю. Але ж, думаю, адміністрацыя зробіць па-свойму. Я чакаю ад іх нейкага сюрпрызу".
Дарэчы, калі 1,5 года таму з аршанскай калёніі выпускалі Васіля Старавойтава, то зрабілі гэта фактычна ноччу — толькі каб карэспандэнты не сустрэлі вязьня побач з турмой і па тэлеканалах не прайшоў гэты непажаданы для беларускіх уладаў сюжэт.
Фактычна гэтак жа было, калі з турмы выпускалі экс-міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава.