Закону “Аб інфармацыйнай бясьпецы” яшчэ не прынялі, але рэгіёны ўжо ствараюць свае нормы падачы інфармацыі.
Першым пунктам загаду № 46 генэральнага дырэктара “Гомсельмашу” запісана: в.а. начальніка аддзелу працы й заработнай платы спадарыня Лавягіна павінна абавязаць рэдактара газэты “Сельмашавец” Мікалая Гулевіча “рэцэнзаваць усе віды дакумэнтаў, тэкстаў, выступаў, артыкулаў, зваротаў, лістоў, якія накіроўваюцца ад супрацоўнікаў структурных падразьдзяленьняў “Гомсельмашу” ў сродкі масавай інфармацыі”.
Тэрмін выкананьня гэнага патрабаваньня выйшаў, то я пацікавіўся ў спадара Гулевіча, як ён сам ставіцца да новых абавязкаў цэнзара?
(Гулевіч: ) "Аніякіх рэцэнзіяў я рабіць ня думаю, і гэткай задачы ніхто ня ставіў. А як напісалі чыноўнікі, дык няхай яны гэтым і займаюцца", — сказаў рэдактар Гулевіч.
Усё ж загадам усе супрацоўнікі аб'яднаньня папярэджаныя, што выступы ў сродках масавай інфармацыі ў любой форме могуць быць зробленыя толькі з дазволу рэдактара “Сельмашаўца”. Кантралюе гэта сам генэральны дырэктар Валеры Жмайлік, хаця ў аб'яднаньні ёсьць і намесьнік дырэктара па інфармацыі ды інфармацыйнай рабоце.
Падобна на тое, што зараз ніякая інфармацыя, улучна з агульнадаступнай (пра стан прадпрыемстваў, выплату заробку, даўгі й прыбыткі) ня трапіць да грамадзтва, не прайшоўшы папярэдне цэнзарскага сіта.
Усё гэта разам з законапраектам “Аб інфармацыйнай бясьпецы”, які так званы парлямэнт думае прыняць у лютым, аднаўляе ў краіне рэжым закрытасьці й сакрэтнасьці.