Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНГ АБСЭ АБВЯРГАЕ ЗАЯВУ МЗС


Юры Сьвірко, Менск

Віншуючы сёньня пісьменьніка Івана Шамякіна зь юбілеем, Аляксандар Лукашэнка закрануў скандал вакол сваёй заявы пра 14 000 баевікоў, якіх нібыта рыхтуе ў Беларусі група АБСЭ. А.Лукашэнка сказаў, што некаторыя расейскія тэлеканалы “вырвалі кантэкст”.

Міністэрства замежных справаў Беларусі ды Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ працягваюць абменьвацца папрокамі ў неразуменьні рашэньняў Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе.

На Інтэрнэт-старонцы МЗС зьявіліся адказы прэсавага сакратара Паўла Латушкі на пытаньні журналістаў пра менскую групу АБСЭ, дзе ён, у прыватнасьці, заявіў: “Рашэньнем Сталае рады АБСЭ ад 14 сьнежня 2000 году ўсе фінансавыя праекты, якія ажыцьцяўляюцца місіямі АБСЭ, незалежна ад краіны іхнае дзейнасьці ды фінансуюцца як зь бюджэту АБСЭ, гэтак і за кошт добраахвотных унёскаў, мусяць прадстаўляцца на ўзгадненьне з урадам краіны знаходжаньня”.

МЗС Беларусі прапанавала менскай групе АБСЭ прадставіць ураду Беларусі праекты, якія плянуецца рэалізаваць у 2001 годзе, прычым да моманту іхнага ажыцьцяўленьня.

Відавочна, што маецца на ўвазе найперш праект назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі. Аднак КНГ АБСЭ ў Менску абвяргае словы Паўла Латушкі ды таксама спасылаецца на той самы галоўны орган АБСЭ: “Сталая рада АБСЭ адпрэчыла прапанову зрабіць гэткія праекты залежнымі ад узгадненьня або ўхваленьня краінай знаходжаньня”.

Ужо другі на гэтым тыдні прэсавы рэліз менскае групы АБСЭ падкрэсьлівае, што “іншыя інтэрпрэтацыі дагэтуль прысутнічаюць у афіцыйных заявах органаў ураду Рэспублікі Беларусі, напрыклад, у заяве Паўла Латушкі”.

Сам спадар Латушка пракамэнтаваў новы прэсавы рэліз КНГ АБСЭ гэтак:

(Латушка: ) "Я хацеў бы сказаць, што я выказваю пазыцыю Міністэрства замежных справаў Беларусі. Калі я буду выказваць прыватнае меркаваньне, тады я адзначу, што гэта маё прыватнае меркаваньне.

Што да нашай пазыцыі, дык я хацеў бы паўтарыць, што Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі можа распачаць рэалізацыю праектаў у Рэспубліцы Беларусі толькі пасьля ўзгадненьня праектаў з урадам Рэспублікі Беларусі", — заявіў Павал Латушка, прэсавы сакратар беларускага дыпляматычнага ведамства.

Беларускі Гельсынскі камітэт сёньня ж выступіў з заявай, што ў дзяржаўных сродках масавае інфармацыі Беларусі ўсё часьцей зьяўляюца выказваньні вышэйшых чыноўнікаў, якія ставяць пад сумнеў неабходнасьць назіраньня з выбарамі й дыскрэдытуюць інстытут маніторынгу.

Заява за подпісам старшыні камітэту Тацяны Процькі выказваньні А.Лукашэнкі расцэньвае як накіраваныя на дыскрэдытацыю назіральнікаў ды як прыкмету магчымых значных фальсыфікацыяў і парушэньняў пад час наступных выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG