Перамогай Уладзімера Кудзінава завяршылася ягоная спрэчка з адміністрацыяй калёніі УЖ-15/1 пра тое, хто павінен зьвяртацца ў суд з хадайніцтвам пра перагляд справы ў сувязі з увядзеньнем новага Крымінальнага кодэксу.
Адміністрацыя калёніі настойвала на тым, што гэта павінен рабіць асуджаны, аднак Уладзімер Кудзінаў палічыў інакш. Распавядае жонка Кудзінава Зоя, якая спасылаецца на дакладныя зьвесткі з калёніі.
(Кудзінава: ) "Валодзю выклікала адміністрацыя, там прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў, і сказалі яму, каб ён напісаў сам гэтую наглядную скаргу, але ён адмовіўся пісаць. Ён кажа, што згодна з новым Крымінальным кодэксам ён мусіць быць ужо на волі, ды й прадстаўленьне ў суд мусіць рабіць сама арганізацыя".
Паводле Зоі Кудзінавай, Уладзімер спасылаўся на Закон аб увядзеньні новых кодэксаў, прыняты яшчэ летась. Паводле гэтага Закону, прадстаўленьне пра перагляд справаў павінна накіроўвацца ў суды адміністрацыяй турмы. Гэта мне пацьвердзіў вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў, які кансультаваў і Зою Кудзінаву.
Як мяркуе спрадар Пастухоў, адпаведныя прадстаўленьні павінны былі зрабіць яшчэ да 1 студзеня, каб выключыць незаконнае ўтрыманьне вязьняў за кратамі нават на адзін дзень. Гэтак не зрабілі.
Адміністрацыя менскай калёніі, прыкладам, паспрабавала перакласьці адказнасьць на самога Кудзінава, але той не саступіў. І ўрэшце выйграў.
Як стала вядома сёньня Зоі Кудзінавай, прадстаўленьне пра перагляд справы дэпутата было днямі накіравана ў Менскі абласны суд, а адтуль трапіла і ў Барысаўскі раённы суд, які выносіў прысуд Кудзінаву. Такім чынам, Зоя Кудзінава спадзяецца, што хутка яна сустрэне мужа дома.
(Кудзінава: ) "Сёньня гэтае прадстаўленьне атрымаў ужо Барысаўскі суд. Зараз старшыня гэтага суду хварэе і ня можа прызначыць разгляд гэтай справы. Але думаю, што наступным тыднем справа будзе перагледжаная. У мяне настрой нават палепшаў, я спадзяюся, што да канца наступнага тыдня мы ўжо будзем разам", — кажа жонка дэпутата Ўладзімера Кудзінава Зоя.
Нагадаю, Уладзімер Кудзінаў ужо адседзеў за кратамі чатыры гады.