Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУКОЎЦЫ ПРА ПЭРСПЭКТЫВЫ БЕЛАРУСІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Эканамісты, палітолягі й сацыёлягі прадставілі свае дасьледаваньні сучаснага стану Беларусі й погляд на пэрспэктывы разьвіцьця краіны.
Многія спадзяваліся пачуць на канфэрэнцыі прамову амбасадара ЗША ў Беларусі спадара Козака. Але спадара амбасадара сёньня не было ў Менску, таму ягоны даклад (“Зьнешняя палітыка ЗША ў ХХІ стагодзьдзі”) зачытаў намесьнік кіраўніка амэрыканскай місіі ў Беларусі Джон Кунстатэр.

На канфэрэнцыі была прэзэнтаваная новая кніга, якую выдалі "Беларускія фабрыкі думкі". У гэтым зборніку зьмешчаныя вынікі дасьледаваньняў у галіне эканомікі й сацыялёгіі, прысьвечаныя аналізу цяперашняга стану Беларусі й пэрспэктывам ейнага развіцьця.

Ці ўлічваюць беларускія палітыкі (як улада, гэтак і апазыцыя) у сваёй дзейнасьці распрацоўкі дасьледчых цэнтраў? Як увогуле яны ставяцца да працы "Беларускіх фабрык думкі"? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні аргкамітэту канфэрэнцыі, дырэктара Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Вячаслава Пазьняка.

(Пазьняк: ) "Мы назіраем зьмену стаўленьня да незалежнай аналітычнай думкі. Запатрабаванасьць аналітычнага прадукту незалежных цэнтраў — яна вельмі няроўная з боку ўладаў і апазыцыйных палітычных сілаў. Улада занадта скептычна ставіцца да палітычных сцэнараў і рэцэптаў, што прапаноўваюць асобныя аналітыкі й некаторыя цэнтры.

Што да апазыцыйных палітычных партыяў, дык два ці тры гады таму яны не ўспрымалі дзейнасьць незалежных аналітычных цэнтраў —мы былі для іх недастаткова палітызаваныя, працавалі неяк у баку. А сёньня да аналітычных цэнтраў прыслухоўваюцца і ўлада, і апазыцыйныя палітычныя сілы".

Пра тое, што беларускія палітыкі мала працуюць з сучаснымі палітычнымі тэхналёгіямі, гаварыў на канфэрэнцыі кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў будучыні Аляксандар Патупа. На думку Патупы, сёлетнія прэзыдэнцкія выбары прывядуць да далейшага раздрабненьня, атамізацыі апазыцыі на маленькія групы.

Наконт беларуска-расейскіх дачыненьняў Патупа зазначыў, што зараз Беларусь стаіць на парозе адкрыцьця “ўсходняга фронту”. “Тое, што Лукашэнку не прынялі ва аўторак у Крамлі, знакавая падзея. Прафэсійны кантралёр Пуцін не дазволіць Лукашэнку застацца па-за кантролем”, — лічыць палітоляг.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG