Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня Каардынацыйнай рады абмеркавалі магчымыя наступствы чарговай антыпрафсаюзнай кампаніі ўладаў.
Старшыня Свабоднага прафсаюзу транспартнікаў Уладзімер Макарчук назваў пляны адміністрацыі Лукашэнкі грубым умяшаньнем у прафсаюзныя справы. Як вядома, тыя пляны прадугледжваюць стварэньне ў краіне новых прафсаюзаў.
Адным з вынікаў гэтага працэсу, на думку спадара Макарчука, будзе зьнішчэньне ў краіне незалежнага рабочага руху. А вось што паведаміў на гэты конт нашаму радыё прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед:
(Бабаед: ) "Для дэмакратычных прафсаюзаў, для большасьці зь іх — гэта пагроза іхнага зьнішчэньня. Там што новы законапраект патрабуе, каб 10% ад працоўных прадпрыемства і ня менш за 10 чалавек былі ў першаснай суполцы. Гэта вельмі небясьпечна, мы мусім нешта рабіць. Таму мы й вырашылі сёньня падтрымаць акцыю Фэдэрацыі прафсаюзаў у лютым, і возьмем найактыўнейшы ўдзел у гэтай акцыі".
(Карэспандэнт: ) "Ці абмяркоўвалі, як Кангрэс беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў будзе браць удзел у сёлетніх выбарах на прэзыдэнта?"
(Бабаед: ) "Так, мы абмяркоўвалі гэта пытаньне. Мы сябры Кангрэсу дэмакратычных сілаў, то будзем выконваць усе рашэньні КРДСу. І будзем працаваць на кандыдата, якога прызначаць кандыдатам на прэзыдэнта нашай дзяржавы".
Каардынацыйная рада дэмакратычных прафсаюзаў прыняла сёньня зварот да Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў з тым, каб у ейны склад вярнуліся кіраўнікі Партыі працы й сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Прафсаюзныя лідэры лічаць, што ў цяперашняй сытуацыі ў краіне дзейнасьць ажно некалькіх дэмакратычных цэнтраў палітычных сілаў — памылка.
Дэмакратычныя прафсаюзы зьбіраюцца падтрымаць на наступных выбарах аднаго з трох прэтэндэнтаў ад апазыцыі — Ганчарыка, Домаша ці Чыгіра. Паводле пазыцыі Каардынацыйнай рады, выбар канкрэтнай асобы залежыць ад паразуменьня між кандыдатамі. Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:
(Быкаў: ) "Мы падтрымліваем гэтых трох чалавек, якія ўжо кажуць, што маюць намер выбірацца на прэзыдэнта. Ёсьць нейкія прыярытэты і ў прафсаюзаў. Мы хочам аднаго: каб гэтыя тры пэрсоны правялі столькі кансультацыяў, колькі трэба, каб яны пайшлі адной камандай, памятаючы пра тое, што тут галоўнае не пэрсанальныя інтарэсы, а 10 мільёнаў беларусаў.
Вырашаецца, як беларусы будуць жыць у новым стагодзьдзі. Мы будзем уплываць на КРДС, на гэтых людзей, каб стварылі каманду, каб была згода між імі ды каб на выбарах яны працавалі ў адным накірунку. Ня надта важна, хто зь іх зробіцца прэзыдэнтам".