Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗМАГАНЬНЕ З ГРЫПАМ У БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Змаганьне з грыпам для большасьці грамадзянаў даецца цяжка: недахоп лекаў ды іхная дарагоўля спрыяюць імкліваму распаўсюджаньню хваробы.
Эфэктыўна змагацца са штогадовай эпідэміяй грыпу ў Беларусі складана найперш з-за нястачы патрэбных лекаў у аптэках ды кваліфікаванай дапамогі ў паліклініках.

Чэргі да лекараў прыходзіцца займаць а 6-й раніцы — гэта ўжо звыкла. У Міністэрстве аховы здароўя сьцьвярджаюць усё ж, што хвароба ня зваліцца на Беларусь зьнянацку: выдаткаваныя вялікія сродкі на набыцьцё прафіляктычных і лекавых сродкаў.

Але рэальная карціна сьведчыць пра тое, што грошы ізноў пайшлі не па прызначэньні. Аптэчны выбар дзівіць дарагоўляй незнаёмых прэпаратаў, якія збольшага не падыходзяць да мясцовых умоваў. Хварэць робіцца нявыгадна найперш у фінансавым пляне.

Набыцьцё лекаў, настояў, вітамінаў (прычым, ня толькі прэпаратаў, але й садавіны), паводле некаторых падлікаў, каштуе сама мала 20$ за час хваробы (хварэюць жа звычайна ня менш за 10 дзён). Калі ўлічыць, што паасобку хварэць амаль не ўдаецца, сямейны бюджэт моцна церпіць.

Таму большасьць неплатаздольных суайчыньнікаў вымушаныя зьвяртацца да народных антыгрыпавых сродкаў — часнаку, цыбулі, настояў з журавіны й жэньшэню, своеасаблівых “трункаў” з гарэлкі й перцу ды іншага.

Загадчыца лябараторыі НДІ мікрабіялёгіі Натальля Грыбкова лічыць, што сытуацыя пакуль што кантралюецца.

(Грыбкова: ) "Тое, што ў нейкім рэгіёне назіраецца ўсплеск — ня ёсьць нечым надзвычайным. Увогуле ў краіне сытуацыя спакойная — гэта бачна і ў справаздачах Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя.

Як звычайна, напярэдадні эпідэміі адбываюцца лякальныя ўспышкі. Чым абумоўленыя захворваньні, напрыклад, на Гомельшчыне? Вельмі многа агентаў выклікаюць падобныя да грыпу захворваньні. І сказаць, што гэта ўласна грып, можна толькі па лябараторнай дыягностыцы", — сьцьвярджае супрацоўніца НДІ мікрабіялёгіі Натальля Грыбкова.

Мэдыкі кажуць, што цяперашняя эпідэмія грыпу, кульмінацыі якой варта чакаць ў першай дэкадзе лютага, ня будзе мець нейкага адмысловага характару. Мяркуюць, што вірус будзе цалкам падобны да леташняга.

Але трэба берагчыся; прыкладам, зробленая ў час прышчэпка гарантуе адносны імунітэт, ці хвароба будзе ў даволі лёгкай форме. Аднак нават тыя 300 000 чалавек, што загадзя перастрахаваліся ад эпідэміі — няшмат адносна агульнай колькасьці насельніцтва. Да таго ж, заўжды існуе небясьпека трансфармацыі вірусу: тады эфэктыўнасьць канкрэтнай прышчэпкі наогул досыць умоўная.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG