Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТРАСБУРГУ РАЗГЛЕДЖАНАЯ СПРАВА ГЕОРГІЯ ГАНГАДЗЭ


Валер Каліноўскі, Старсбург

На запісах, зробленых былым супрацоўнікам украінскіх спэцслужбаў Міколам Мельнічэнкам, зафіксаваны нібыта голас прэзыдэнта Леаніда Кучмы, які аддае загад на расправу над журналістам. Рада Эўропы пагадзілася на пошук спэцыялістаў для экспэртызы гэтых запісаў, але пакуль што ў Страсбургу няма арыгіналаў гэтых стужак.

Міністар юстыцыі Ўкраіны Сюзана Станік паабяцала, што ўкраінскі ўрад зробіць усё магчымае, каб гэтыя стужкі былі прадстаўленыя ў Раду Эўропы.

Маніторынгавы камітэт Рады Эўропы заклікаў краіны РЭ не выдаваць былога афіцэра СБУ Міколу Мельнічэнку ўкраінскаму правасудзьдзю супраць яго волі. Парлямэнцкая асамблея назвала сытуацыю са зьнікненьне Гангадзэ экзаменам на існаваньне свабоды слова ва Ўкраіне і функцыянаваньне парлямэнцкай дэмакратыі.

З нагоды гэтага пытаньня адмысловая камісія Парлямэнцкай асамблеі пабывала ў Кіеве. Гаворыць адна з сябраў гэтай камісіі, аўтар справаздачы Анна Сэвэрынсэн:

(Сэвэрынсэн: ) “Мы можам аказаць падтрымку Ўкраіне ў дадзенай сытуацыі, уголас заявіўшы, што там існуе небясьпека свабодзе выказваньня ды заклікаўшы кіраўніцтва Ўкраіны ня злоўжываць уладай. Мы адзначанем таксама, што парлямэнт Украіны не валодае дастатковымі паўнамоцтвамі ў гэтай сытуацыі”.

Аб тым, што ёсьць пагроза парлямэнцкай дэмакратыі, заяўляюць і некаторыя сябры ўкраінскай дэлегацыі, напрыклад, былы міністар юстыцыі Сяргей Галаваты, які абвінавачвае Кучму і тым, што той ідзе шляхам Лукашэнкі. Але ёсьць і іншыя погляды. Напрыклад, дэпутат Раман Зварыч мяркуе, што пытаньне пагрозы парлямэнцкай дэмакратыі нельга прывязваць да справы Гангадзэ.

Міжнародная арганізацыя абароны слова “Рэпартэры бяз межаў” з нагоды гэтых слуханьняў зрабіла адмысловую заяву. Арганізацыя заклікала да адстаўкі гэнеральнага пракурора Ўкраіны і правядзеньня новых экспэртызаў. Гаворыць каардынатар “Рэпартэраў бяз межаў” Ала Лазарава:

(Лазарава: ) “Калі Кіеў не прадэманструе сапраўднай палітычнай волі знайсьці праўду ў гэтай справе ды выправіць усе памылкі, нашай арганізацыя будзе патрабаваць прыпыненьня сяброўства Ўкраіны ў Радзе Эўропы”.

Старшыня “Рэпартэраў бяз межаў” Робэр Мэнар зазначыў, што ў Эўропе ёсьць толькі два прэзыдэнты, якія не адказваюць на запыты і пратэсты гэтай арганізацыі – гэта Леанід Кучма ды Аляксандар Лукашэнка. Апошні, у прыватнасьці ніяк не адрэагаваў на пратэсты з нагоды зьнікненьня журналіста Дзьмітрыя Завадзкага.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG