Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 студзеня 2001 г.


Любоў Лунёва, Менск

200 дзён, як пры загадкавых абставінах зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Блізкія Зьмітра падазраюць, што сьледчыя органы маюць намер спыніць пошукі зьніклага.

Павал Шарамет лічыць, што пасьля кадравых перастановак у праваахоўчых органах справа Зьмітра Завадзкага набыла іншы накірунак. Гаворыць Павал Шарамет:

(Шарамет: ) "Справа Зьмітра Завадзкага пашырылася да сямі эпізодаў. Да звальненьня Бажэлкі й Мацкевіча яна мела два накірункі.

Першы быў зьвязаны з тым, што афіцэраў "Алмазу" й брыгады спэцыяльнага рэагаваньня, якой кіраваў Паўлючэнка, абвінавацілі ў тым, што яны выконвалі даручэньні найвышэйшых чыноўнікаў беларускай улады ў зьнішчэньні й запалохваньні лідэраў апазыцыі.

Гэтая інфармацыя трапіла ў КГБ. Супрацоўнікі КГБ арыштавалі Паўлючэнку й зрабілі ператрус у ягонай кватэры. Пад час ператрусу ў кватэры зьявіўся Шэйман ды загадаў сьледчым спыніць усе дзеяньні. Ён нецэнзурна лаяўся на падначаленых, патэлефанаваў Лукашэнку й пасьля гэтага Паўлючэнку вызвалілі, а сьледзтва ў гэтым накірунку цалкам спынілі.

Сьледчых КГБ адхілілі ня толькі ад гэтай справы, але й ад справаў Віктара Ганчара і Юр'я Захаранкі. Мацкевіч і Бажэлка звольненыя з працы. Галоўным у гэтым скандале быў Мацкевіч, які шмат чаго даведаўся ў гэтай справе ды ўжо баяўся выконваць загады Лукашэнкі, скіраваныя на "пахаваньне" гучных справаў.

КГБшнікі пасьпяшаліся. Яны папросту разьлічвалі, што Лукашэнка звольніць Шэймана, і такім чынам выканае ролю "добрага цара", які папросту ня ведаў, што ў яго злодзеі-памочнікі. Але выйшла інакш, і пацярпелі яны самі".

Павал Шарамет далей распавёў пра другі накірунак сьледзтва й спыніўся на ролі галоўнага падазраванага ў справе Завадзкага — былога спэцназаўца Валер'я Ігнатовіча.

(Шарамет: ) "Напэўна, ёсьць інфармацыя пра дзеяньні гэтай брыгады, і яна дакладна ёсьць у Маскве, але нейкія сілы яе хаваюць — відаць, каб даць напярэдадні выбараў.

Сьледзтва падазрае, што Ігнатовіч таксама ўдзельнічаў у апэрацыях гэтай брыгады. На думку сьледчых, Ігнатовіч рабіўся ўсё больш самастойным і пачаў займацца бандытызмам ды рэкетам.

Сьледзтва ўжо даказала факты забойстваў групай Ігнатовіча ў Жодзіне, у Мар'інай Горцы ды яшчэ чатыры забойствы. Ёсьць і некаторыя доказы датычнасьці Ігнатовіча да справы апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Яны яшчэ не прад'яўленыя адвакатам і самому Ігнатовічу.

Пасьля выпадку з Паўлючэнкам і звальненьня Бажэлкі й Мацкевіча Ігнатовіч пачаў паводзіць сябе вельмі нахабна. Адмаўляецца адказваць на пытаньні, самастойна хадзіць на допыты і ўвесь час выкрыквае: "Няхай жыве Лукашэнка!"

Дзе знаходзіцца Зьміцер Завадзкі, невядома. Мы ня ведаем, што зь ім здарылася насамрэч. Ёсьць небясьпека, што справа Завадзкага будзе неўзабаве спыненая, і сьледзтва пойдзе так, як і ў справах Ганчара й Захаранкі.

Застаецца пытаньне: "Паводле ўласнай ініцыятывы выкрадаў Завадзкага Ігнатовіч, ці атрымаў загад?"" — паведаміў Павал Шарамет Радыё Свабода.

Зьміцер Наважылаў, карэспандэнт менскага бюро ОРТ, паведаміў нам наступнае:

(Наважылаў: ) "Кіраўніцтва МУС, кіраўніцтва сьледчай групы ўжо ня ўпэўненыя, што гэта было злачынства. Менавіта так сказаў Уладзімер Навумаў.

На жаль, ужо 200 дзён — і ніякіх зьвестак пра нашага сябра. Ёсьць надзея, што ён жывы, што ён знойдзецца, што сьледзтва будзе завершана, але з кожным днём гэтая надзея меншае".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG