Рэспубліканская пракуратура завяла крымінальную справу пасьля зьяўленьня артыкула, дзе псыхіятар вызначыў дыягназ А.Лукашэнку. Гэта пакуль не адбілася на працы рэдакцыі газэты “Наша свабода”.
Рэдактар Павал Жук паведамляе, што рэдакцыя працуе ў ранейшым рытме, рыхтуе чарговы нумар, які павінен выйсьці ў панядзелак. Нікога з супрацоўнікаў рэдакцыі на допыты сьледчыя пакуль не выклікалі. Але Павал Жук не выключае, што з панядзелка сьледчыя актывізуюцца, а асабіста ён можа адчуць гэта й раней.
Спадар Жук згадвае ціск на газэту “Навіны” восеньню 1999 году, калі быў надрукаваны артыкул з крытыкай цяперашняга генэральнага пракурора Віктара Шэймана.
(Жук: ) "Ну я думаю, што ў панядзелак усё пачнецца. Што там у выходныя нешта рабіць? Проста могуць сцапаць у суботу–нядзелю, зь іх можа стацца. Тым разам, як з Шэйманам разьбіраліся, Лука за Шэймана гарой стаў — дык цяпер гэты за яго, я так думаю".
Павал Жук мяркуе, што ўзбуджэньне справы паводле крымінальнага артыкулу — вялікая памылка пракуратуры, бо гэта пацягне грамадзкую ўвагу да псыхічнага стану кіраўніка дзяржавы, чаго ўлады якраз хацелі б пазьбегнуць. Такім чынам, паводле Жука, Віктар Шэйман аказаў свайму начальніку мядзьведжую паслугу.
(Жук: ) "Яны трапілі ў дурное становішча. Відаць, гэта з-за недахопу адукацыі. Калі заведзеная крымінальная справа па факце паклёпу, дык трэба даказваць факт паклёпу — быў ён ці не. Дзеля гэтага трэба мець дакладныя зьвесткі пра стан псыхічнага здароўя спадара Лукашэнкі".
Паводле Жука, сёньня ён даў ужо больш як дзесяць інтэрвію розным выданьням і агенцыям з прычыны ўзбуджэньня крымінальнай справы, якая толькі павысіла цікаўнасць да дыягназу, які паставіў Лукашэнку незалежны экспэрт Шчыгельскі.
Тымчасам калегі Жука ўжо робяць захады, каб дамапагчы яму ў змаганьні за газэту. Беларуская асацыяцыя журналістаў вывучае становішча й рыхтуе адпаведнае даукмэнты на захады пракуратуры. Распавядае віцэ-прэзыдэнт БАЖу Анатоль Гуляеў.
(Гуляеў: ) "Мы зьвяртаемся да ўсіх нашых калег, перадамо ва ўсе праваабарончыя й журналісцкія арганізацыі, зь якімі супрацоўнічаем, паведамленьне пра тое, што ўзбудзілі крымінальную справу. Упершыню ў Беларусі прымянілі артыкул новага Крымінальнага кодэксу — пра абарону гонару й годнасьці прэзыдэнта. На гэта зьвернем ўсіхную увагу.
Пакуль што пачакаем водгукаў ад нашых калегаў ды партнэраў у сумеснай барацьбе за свабоду слова. А там будуць ужо нейкія іншыя дзеяньні".