Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2001 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Агляд чарговага нумару газэты "Рабочы".

Газэта паставіла прэзыдэнта "на лічыльнік" – нумар адкрываецца лічбай 248 – столькі дзён засталося да прэзыдэнцкіх выбараў. У калёнцы "Надзённае" рэдактар "Рабочага" Віктар Івашкевіч, разважаючы пра кандыдатаў ў прэзыдэнты Беларусі, абвяргае думку некаторых пра тое, што, маўляў, Лукашэнку можа перамагчы толькі такі ж Лукашэнка – дэмагог, але з дэмакратычнай афарбоўкай. Івашкевіч кажа, што грамадзтва стамілася ад баўбатуна і абяцальніка. Таму апазыцыя робіць стаўку не на Лукашэнку нумар 2, а на разумных, надзейных людзей, якія ўмеюць рабіць справу.

На шостай старонцы надрукавана Заява прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, якія падтрымалі ініцыятыву рэгіёнаў Беларусі аб разглядзе кандыдатуры Сямёна Домаша ў якасьці адзінага кандыдата ад аб'яднанай апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Заяву падпісалі Марыя Аліева, Алег Трусаў, Віктар Бабаед, Міраслаў Кобаса, Аляксандр Бяляцкі, Андрэй Саньнікаў і многія іншыя.

"Менчукоў становіцца больш. Але радавацца рана" – такі камэнтар даў "Рабочы" дыяграме, якая паказвае рост насельніцтва сталіцы. Так, Менск хутка расце і ... стварае адну экстрэмальную сыуацыю за другой. У прыватнасьці, у рамках гораду фактычна аказаўся могільнік радыёактыўных адходаў ля пасёлка Сосны. Сьцены з бэтону, якія павінны ахоўваць мінчукоў ад радыяцыі, разбураюцца. Пасёлак Сосны можа стаць другім Чарнобылем. 28 студзеня ў памяшканьні рэдакцыі газэты "Рабочы" пройдзе "круглы стол", на якім будзе абмяркоўвацца гэтае пытаньне. Калі той, хто слухае нас, мае намер прыняць удзел у размове, хай патэлэфануе ў рэдакцыю: нумар 227-04-54.

Сваю другую і трэцюю старонкі газета прадставіла тым, хто змагаецца за правы працаўнікоў. Сёньня супраць абрабавання беларускімі ўладамі пратэстуюць і рабочыя бабруйскага прадпрыемства "ФанДАК", і рабочыя Менскага маторнага заводу, і пэдагогі, бізнэсоўцы, і тыя, хто працуе ў апазыцыйных выданьнях.

Як адзначыла ў газэце прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі "разварочваецца вайна з інфармацыяй". Улады баяцца, што інфармацыя, якая не прайшла цэнзуры, заставіць простых людзей думаць, разважаць, а гэта значыць – рабіць уласны выбар, і ён можа аказацца не на карысьць сёньняшніх кіраўнікоў краіны. Сьведчаньне таму – спроба закрыць незалежную друкарню "Мэджык".

Юры Будзько, генэральны дырэктар выдавецкага прадпрыемства "Мэджык", сьцвярджае: "Мы зробім усё, каб выпуск газэт не спыніўся. Аднак гэта можа адбыцца ў любы момант". Нагадаем, што з друкарні "Мэджык" выходзяць газеты "Народная воля", "Рабочы", "Наша свабода", "БДГ".

Зь іншых матэрыялаў газэты "Рабочы" варта вылучыць камэнтар экс-прэзыдэнта Нацбанка Беларусі Станіслава Багданкевіча наконт адзінай з Расеяй валюты ў сувязі са скандалам, які пачаўся пасля заявы Міністэрства юстыцыі: экспэрты Мінюста – лукашэнкаўскія чыноўнікі – нечакана прызналі незаконным увядзеньне зь 1 студзеня 2005 года агульнай грашовай адзінкі. Што гэта? Палітычныя гульні?

У сувязі з крытычнымі выказваньнямі беларускіх уладаў на адрас кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ Ханса-Георга Віка "Рабочы" накіраваў Віку свае пытаньні і атрымаў адказ: "Няма ніякіх падставаў для крытыкі. АБСЭ будзе працаваць у Беларусі так, як і працавала. Мы не завадатары інцыдэнтаў. Мы – назіральнікі".

Цяжкай сацыяльнай праблеме – дзецям-сіратам – прысвечан нарыс журналіста Святланы Шыдлоўскай "Я працую мамай". Гаворка ідзе пра дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, якіх у краіне налічваецца ўсяго 56. У такіх дамах выхоўваецца па 5-8 дзяцей, яны жывуць адной сям'ёй з выхавацелямі. Але дзяржава ня мае сродкаў, каб разьвіваць гэтую форму дагляду за малымі, чые бацькі пазбаўлены правоў з-за алькагалізму.

Заканчваецца чарговы нумар штотыднёвіка расповедам пра старажытныя плямёны, што былі нашымі продкамі, пра багоў, якіх ушаноўвалі продкі да прыняцьця хрысціянства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG