Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 студзеня 2001 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі 24 грамадзкіх арганізацыяў Беларусі правялі ў Менску сход, дзе вырашылі прапанаваць кандыдатуру Сямёна Домаша як магчымага адзінага кандыдата на прэзыдэнта. Сам жа Домаш не выключае, што можа зьняць сваю кандыдатуру на карысьць прэтэндэнта, якога падтрымае аб'яднаная дэмакратычная апазыцыя.

Кандыдатуру лідэра аб'яднаньня "Рэгіянальная Беларусь" С.Домаша падтрымалі сёньня прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу, праваабарончага цэнтру "Вясна", Таварыства беларускай мовы, Беларускай асацыяцыі журналістаў ды шмат якіх іншых менскіх і рэгіянальных грамадзкіх арганізацыяў.

Паводле намесьніка каардынатара аб'яднаньня "Рэгіянальная Беларусь" Віктара Карніенкі, відавочна, што А.Лукашэнка ўжо актыўна пачаў сваю перадвыбарчую кампанію. Дэмакратычныя ж сілы дагэтуль ня могуць вызначыцца са сваёй кандыдатурай. Таму прадстаўнікі аб'яднаньня "Рэгіянальная Беларусь" ды іншых арганізацыяў вырашылі прапанаваць палітычным партыям ды проста выбаршчыкам разгледзець як альтэрнатыву Лукашэнку кандыдатуру Сямёна Домаша.

На думку гэтых арганізацыяў, Домаш валодае ўсімі неабходнымі якасьцямі, каб стаць дастойным прэзыдэнтам Беларусі, — мае досьвед кіраваньня Гарадзенскай вобласьцю, не супрацоўнічаў зь цяперашнімі ўладамі, моцны ў сваіх перакананьнях чалавек.

Сам Сямён Домаш у сваім выступе адзначыў, што сёлета беларусы маюць рэальны шанец зьмяніць сытуацыю ў краіне і абраць сабе новага прэзыдэнта. Дзеля гэтага трэба стварыць шырокую кааліцыю дэмакратычных сілаў.

На думку лідэра "Рэгіянальнай Беларусі", сёньняшняя прэзэнтацыя не прывядзе да расколу паміж ім і двума іншымі кандыдатамі Міхаілам Чыгіром і Ўладзімерам Ганчарыкам.

Гаворыць Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Мы будзем працаваць адной камандай, і ня важна, хто з нас будзе вызначаны найпершым, мы абяцаемся, што будзем у адной камандзе".

Ён таксама сказаў, што гатовы ў любы момант зьняць сваю кандыдатуру на карысьць таго прэтэндэнта, які будзе мець большыя шанцы стаць прэзыдэнтам.

Сёньня ж прадстаўнікі 24 арганізацыяў падпісалі адмысловую заяву, у якой заклікалі ўсіх суграмадзянаў, што жадаюць пераменаў, зрабіць выбар на карысьць Сямёна Домаша.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG