Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2001 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, аўтар псыхіятрычнага заключэньня аб стане здароўя Аляксандра Лукашэнкі, даў эксклюзыўнае інтэрвію нашай праграме.

Першай рэакцыяй Дзьмітрыя Шчыгельскага на тое, што яго заключэньне апублікаванае, было зьдзіўленьне, хаця пасьля ён сказаў, што даў згоду на публікацыю. Я папрасіла Дзьмітрыя Шчыгельскага расказаць гісторыю падрыхтоўкі матэрыялу.

(Шчыгельскі: ) "Складанае было пытаньне распаўсюджваньня. Бо лекар сам па сабе ня мае доступу, знаёмстваў, каб усё гэта давесьці да ведама грамадзкасьці. Я не магу называць прозьвішчы, канкрэтныя тэхналягічныя шляхі – зь вядомых прычынаў… На каго гэта разьлічана? Разьлічана перадусім на беларускую аўдыторыю, бо склад асобы Лукашэнкі – гэта склад асобы вельмі хворай і вельмі няшчаснай. Склад, блізкі да асобы Гітлера і Сталіна. Людзі такога тыпу ва ўладзе вельмі небясьпечныя і маюць разьвіцьцё – псыхапатыя ва ўладзе. Паступова будзе значна пагаршацца стан псыхічнага здароўя і, як вынік, мэтады, якія будуць выкарыстоўвацца…"

(Караткевіч: ) "Вы сказалі, што доктару цяжка выйсьці на крыніцы распаўсюджваньня інфармацыі. Як усё-ткі ўдалося падрыхтаваны Вамі матэрыял распаўсюдзіць?"

(Шчыгельскі: ) "Працэс такі: я перагаварыў зь некалькімі людзьмі. Пасьля гэтага ў мяне пачаліся праблемы. І тыя людзі, якія дапамагалі ў зборы архіву, бо перад публікацыяй работы для таго, каб зрабіць такога кшталту асьведчаньне, патрэбны вельмі вялікі архіў. Архіў з запісамі ўсіх выступаў – гэта вялікі відэаархіў. І іншыя сьведчаньні людзей, якія зь ім блізка працавалі, кантактавалі. І вось на гэтым этапе, калі я зьвярнуўся па дапамогу, мне дапамаглі. І потым, а гэта было больш як праз год пасьля пачатку працы, да верасьня мінулага году – тады плянавалася, як гэта зьдзейсьніць".

(Караткевіч: ) "Вы пачалі працаваць над гэтым заключэньнем, як Вы сказалі, зьбіраць інфармацыю. Што Вас падштурхнула?"

(Шчыгельскі: ) "У 1994 годзе пад час прэзыдэнцкіх выбараў практычна ўсе псыхіятры, зь якімі я на той момант кантактаваў, у адзін голас сталі сьцьвярджаць, а, у прынцыпе, гэта нават ня я паставіў дыягназ, гэта паставілі адначасова многія псыхіятры, – пра тое, што гэты кандыдат у прэзыдэнты адрозьніваецца адхіленьнямі, якія надта нагадваюць псыхапатыю. А працаваць я пачаў ад 1996 году, калі ўжо дакладна пачаў працаваць над гэтай тэмай".

(Караткевіч: ) "Цікаўнасьць псыхіятраў да асобы Аляксандра Лукашэнкі ў той час, калі ішла прэзыдэнцкая кампанія 94 году, яна была выкліканая прафэсійнай цікавасьцю, альбо былі нейкія замовы з боку іншых кандыдатаў або дзяржаўных структураў?"

(Шчыгельскі: ) "Мне не вядома аб нейкіх запытах. Сам стыль паводзінаў пад час правядзеньня выбарчай кампаніі адразу прыцягнуў увагу псыхіятраў, і, фактычна, з году 96-га не было такой ардынатарскай псыхіятрычнай лякарні ў Беларусі, у якой бы пасьля чарговага выступу не абмяркоўвалася б сымптаматыка Аляксандра Рыгоравіча".

(Караткевіч: ) "Вы сказалі, што ў людзей, якія дапамагалі зьбіраць інфармацыю, і ў вас асабіста, пачаліся праблемы. Што Вы мелі на ўвазе, што Вы называеце праблемамі?"

(Шчыгельскі: ) "Я маю на ўвазе наяўнасьць віжаваньня, тое, што ў мяне было ўражаньне, што ўзломваўся кампутар, дзе ляжалі файлы з самой працай, было таксама ўражаньне, што ў маёй кватэры былі людзі. Мне сказалі: прабач, але нават тыя, хто трымаў гэтую працу ў руках на цяперашнім этапе, падлягаюць вялікай небясьпецы, ня кажучы ўжо пра цябе. У кампутары ў мяне, натуральна, усё было зашыфраванае, пасьля было зрроблена шмат копіяў, і яны захоўваліся. У пачатку сьнежня былі зробленыя відэазапісы і сама праца была памножаная. Усё гэта было перададзена на захаваньне ў розныя месцы".

(Караткевіч: ) "У Вас ёсьць спасылкі на артыкулы канстытуцыі. Ці Вы кансультаваліся з прафэсійнымі юрыстамі?"

(Шчыгельскі: ) "Уласна, заяву я пісаў цалкам сам, але пасьля яе праглядалі, некалькі разоў я кансультаваўся з юрыстамі. У выніку атрымалася тое, што атрымалася".

(Караткевіч: ) "Ці ведаеце Вы пра нейкія спробы ацаніць стан псыхічнага задроўя Аляксандра Лукашэнкі з боку міжнародных псыхіятраў-экспэртаў?"

(Шчыгельскі: ) "Я такой інфармацыяй не валодаю. Адной з мэтаў маёй працы было тое, каб была праведзеная міжнародная экспэртыза. Апрача таго, калі Аляксандар Рыгоравіч захоча, так бы мовіць, высьветліць адносіны, я буду рады сустрэцца зь ім у любым судзе апрача, натуральна, беларускага; там, дзе існуе нармальнае заканадаўства, якое рэгулюе пытаньні псыхіятрычнай эскпэртызы, псыхіятрычнага асьведчаньня, якое дазваляе розным бакам даводзіць свае погляды".

(Караткевіч: ) "У распаўсюджаных відэазапісах і пісьмовых матэрыялах Вы гаворыце, што Вам небясьпечна жыць у краіне, Вы не хацелі б жыць у краіне, якой кіруе псыхічна ненармальны чалавек. Я б хацела, каб Вы крыху для нашых слухачоў расказалі, калі Вы выехалі, які ў Вас цяпр статус?"

(Шчыгельскі: ) "Статусу ў мяне ніякага няма. У залежнасьці ад разьвіцьця падзеяў я, вядома, буду плянаваць свае дзеяньні. Мне пакуль цяжка сказаць, з амэрыканскім бокам ніякіх перамоваў не вялося. Я, шчыра кажучы, думаю, што амэрыканцы нават не падазраюць аб маім знаходжаньні ў краіне".

(Караткевіч: ) "Вы не зьвярталіся па палітычны прытулак?"

(Шчыгельскі: ) "Я прыехаў афіцыйна па гасцявой візе. Прытулку на дадзены момант я не прасіў".

(Караткевіч: ) "А ці плянуеце Вы яго папрасіць?"

(Шчыгельскі: ) "Магчыма. Пабачым, як будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі, якая будзе рэакцыя".

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG