Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2001 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Што думаюць пра стан псыхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі прафэсійныя псыхіятры, прадстаўнікі беларускіх уладаў і палітычныя дзеячы, якія пэўны час працавалі разам з гэтым чалавекам. Іхныя меркаваньні…

Рэакцыя ўсіх адмыслоўцаў-псыхіятраў, да якіх я сёньня зьвяртаўся па камэнтар з нагоды публікацыі ў "Нашай Свабодзе" заключэньня лекара Зьміцера Шчыгельскага аб стане здароўя Аляксандра Лукашэнкі, была амаль аднолькавай – псыхіятры адмаўляліся гаварыць пра верагоднасьць дыягназу, пастаўленага на газэтных старонках кіраўніку дзяржавы і гаварылі, што хочуць спакойна дапрацаваць да пэнсіі.

Тым ня менш, некаторыя спэцыялісты сваім меркаваньнем падзяліліся. Гаворыць галоўны лекар Рэспубліканскага клінічнага псыхіятрычнага шпіталю "Навінкі" Аляксандар Зарко:

(Зарко: ) "Каб казаць пра дыягназ, трэба ведаць чалавека. Я ні з кім ня гутарыў, нікога ня бачыў. А тое, што гавораць і пішуць, гэта лухта можа быць такая, што... Я думаю, што на гэтае пытаньне вам ніхто адказваць ня будзе. Каб мне выказаць нейкую думку, трэба гутарыць з пацыентам мінімум гадзіну, потым рабіць высновы. А гэтыя "качкі" мне не патрэбныя, я лекар, а не экстрасэнс. Толькі камісія псыхіятраў можа паставіць правільны дыягназ".

У сваім заключэньні Зьміцер Шчыгельскі сьцьвярджае, што паколькі Аляксандар Лукашэнка пакутуе на псыхапатыю, то ў адпаведнасьці з артыкулам 88 дзеючай канстытуцыі прэзыдэнт можа быць вызвалены ад пасады пры сталай няздольнасьці па стане здароўя ажыцьцяўляць свае абавязкі. Але ці магчыма тое, каб пасьля публікацыі гэтага дыягназу, ў Беларусі была створаная адмысловая камісія, якая б дасьледавала стан здароўя спадара Лукашэнкі?

Гаворыць галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў:

(Рынкоў: ) "Справа ў тым, што мы даем заключэньне толькі тады, калі нам даюць на гэта каманду. Тым больш на вышэйшых службовых асобаў, а тым больш на Лукашэнку. І ніводзін псыхіятар ня будзе выказвацца сёньня ў гэтым сэнсе. Вось калі нам міністар дасьць указаньне, тады мы гэта зробім. Дыягназаваць у яго псыхічную хваробу я, напрыклад, проста ня маю права".

Пры гэтым спадар Рынкоў лічыць, што стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі не вымагае правядзеньня псыхіятрычнай экспэртызы.

А вось што думае адносна заключэньня, надрукаванага ў "Нашай Свабодзе" былы прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір, які доўгі час працаваў разам з Аляксандрам Лукашэнкам і меў магчымасьць зблізу назіраць за паводзінамі гэтага чалавека.

(Чыгір: ) "Я не спэцыяліст у мэдыцыне, але павінен прызнаць, што характар у яго нэрвовы. Я ня так даўно размаўляў з людзьмі, якія сёньня зь ім сутракаюцца. Яны мне сказалі, што характар пагоршыўся ў параўнаньні з часам два гады таму. Ня ведаю, але калі спэцыяліст робіць такое заключэньне, дык ён павінен адказваць за свае высновы. Напрыклад, нядаўна зрабіўз такую заяву, як даваў інтэрвію Казіятку, што Шушкевіч і Статкевіч пакінулі Беларусь бяз мора. Гэта ўжо кажа пра тое, што чалавек ня можа кіраваць сваімі думкамі і кажа тое, што нармальны чалавек наагул ніколі ня скажа".

Мы таксама спрабавалі высьветліць меркаваньне ў гэтай справе прадстаўнікоў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Але прэсавы сакратар прэзыдэнта Мікалай Барысевіч сказаў, што ён не зусім грунтоўна азнаёміўся з публікацыяй у "Нашай Свабодзе" і абяцаў даць афіцыйны камэнтар пазьней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG