Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 2001 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Прыватныя прадпрымальнікі Беларусі працягваюць змаганьне за свае правы. Пакуль што ў новым годзе фактычна ніводная зь іхных праблемаў не атрымала належнага вырашэньня.

Сёньня кіраўнікі страйкавага камітэту прыватных прадпрымальнікаў спрабавалі актывізаваць дыялёг з уладамі. Паводле словаў намесьніка старшыні страйкаму Леаніда Каліцені, ён правёў шэраг гутарак з супрацоўнікамі ўрадавых структураў. У прыватнасьці, з чыноўнікамі, што прадстаўляюць мытны й падатковы камітэты. Менавіта ад гэтых ведамстваў ідзе цяпер найбольшая пагроза для дробнага бізнэсу.

А ў Воршы ўлады ўжо перайшлі ад пагрозаў да рэальных дзеяньняў. Сёньня тут працягнуўся распачаты 9 студзеня суд над мясцовай гандляркаю Ірынай Алесенкай. Судовы позоў належыць Аршанскай мытні, якая зьбіраецца спагнаць з прадпрымальніцы мыта й падаткі за тавары "трэціх" краінаў, што былі ўвезеныя ў Беларусь з тэрыторыі Расеі. Мытня лічыць, што гандлярка парушыла цяперашняе мытнае заканадаўства.

Гаворыць старшыня аршанскае суполкі Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Аляксандар Сталяроў:

(Сталяроў: ) "Алесенцы запісалі, што ў яе тавару на 107 тысячаў беларускіх рублёў. За іхны ўвоз яна мусіць заплаціць мыта памерам 50 тысячаў 500 рублёў. І яшчэ палічылі, што зь яе варта спагнаць амаль 10 тысячаў рублёў штрафу. Інакш кажучы, дзяржаве Алесенка мусіць заплаціць 47 адсоткаў кошту тавару, у той час, як прадпрымальнік атрымлівае толькі 30-35 адсоткаў даходу з продажу", — зазначыў Аляксандар Сталяроў.

Паводле ягоных словаў, з боку аршанскіх прадпрымальнікаў мае месца вялікая цікавасьць да судовага працэсу над Ірынай Алесенкай. Цяпер толькі пятая частка іх працуе на мясцовых рынках. Астатнія страйкуюць. Страйкуюць яны зь 1 студзеня — дня пачатку агульнацыянальнага страйку. Той факт, што бальшыня гандляроў Воршы 5 студзеня не аднавіла працы, сьведчыць, паводле словаў Аляксандра Сталярова, пра іхны страх, выкліканы пагрозаю рэпрэсіяў. Вось чаму тут усе чакаюць выніку суду над спадарыняй Алесенкай, каб ведаць і пра свой заўтрашні лёс.

Зрэшты, за падзеямі ў Воршы ўважліва сочаць прадпрымальнікі й зь іншых рэгіёнаў краіны. У прыватнасьці, гандляры Дзяржынску. Вось што паведаміў нашаму радыё лідэр мясцовае суполкі Валеры Сіманаў:

(Сіманаў: ) "Страйк у нас працягваецца. Абсалютная бальшыня гандляроў ня ўносіць плацяжы ў мясцовы бюджэт. Яны кіруюцца, па-першае, пачуцьцём салідарнасьці з тымі, хто й сёньня ў краіне яшчэ страйкуе. Па-другое, прадпрымальнікаў палохае пагроза санкцыяў уладаў за парушэньне дзейных парадкаў для дробнага бізнэсу. Мы маем інфармацыю, што ў мытных пытаньнях рыхтуюцца акцыі — вопісы й канфіскацыі", — зазначыў Валеры Сіманаў.

Паводле зьвестак Страйкавага камітэту, зараз фактычна паўсюдна ў краіне ў прадпрымальніцкіх асяродках мае месца напружанасьць і разгубленасьць перад заўтрашнім днём. Што рабіць — працаваць ці страйкаваць? Прадпрымальнікі ў бальшыні сваёй кіруюцца ўласнай інтуіцыяй. І, што самае горшае, як зазначыў Леанід Каліценя, невядома, чаго ім чакаць "зьверху". Бо пакуль што ніякіх прыкметных зрухаў у вырашэньні праблемаў беларускіх гандляроў на гэтым узроўні не назіраецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG