Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2001 г.


Сямён Букчын, Варшава

Пра тое, як Польшча захавала жыцьцё забойцу з Беларусi, расказвае наш варшаўскі карэспандэнт.

Што з Беларусi ў Польшчу людзi прыяжджаюць каб падзарабiць – гэта, вядома, не навiна. Ня раз чуў ад суайчыньнiкаў задаволенасьць i падзяку Богу за тое, што Польшча побач... Так, працуюць тут землякi – часам легальна, а найбольш, як гавораць у Польшчы, „на чарно", гэта значыць нелегальна. Што за ўмовы ў адных і другіх – размова асобная... Але каб Польшча ацалiла жыцьцё грамадзянiну з Беларусi, якi тут, на польскай тэрыторыi, забiў чалавека, – гэта сапраўды выпадак незвычайны.

Саракагадовы Мiкола разам з суайчыньнiкам Уладзiмерам працаваў – i пры тым легальна – на будоўлi гмаху Галоўнай Школы Сельскагаспадарчай Эканомiкi ў Варшаве. Фiрма, што наняла iх, сур'ёзная, абодва нядрэнна зараблялi. У красавiку пазалетась мелi чарговы адпачынак, якi вырашылi адзначыць. Што там памiж iмi распалiлася пад час выпiўкi – невядома. Але былi i сварка, i бойка. На вачах iншых удзельнiкаў алкагольнай iмпрэзы Мiкола забiў нажом Уладзiмiра. Забойцу арыштавалi, пачалося сьледзтва...

Калi ўсе доказы былi сабраныя, польскае мiнiстэрства юстыцыi зьвярнулася да беларускiх уладаў з прапановай перадаць забойцу, каб яго судзiлi на радзiме, тым больш, што ён забiў суайчыньнiка. Разам з тым, згодна з заходнiмi правiламi экстрадыцыi, Польшча папрасiла гарантаваць, што беларус ня будзе пакараны сьмерцю. Адказ прыйшоў даволi хутка. Беларусь па-сутнасцi адмовiлася ад свайго грамадзянiна, паколькi – i гэта было падкрэсьлена – не магла абяцаць, што ня будзе сьмяротнага пакараньня.

I гэтая акалiчнасьць вызначыла далейшы лёс Мiколы: яго будуць судзiць у Польшчы, дзе няма пакараньня сьмерцю, i тут ён будзе сядзець у турме, магчыма, пажыцьцёва. Калi атрымае iншы тэрмiн, магчыма, яшчэ дачакаюцца яго ў роднай вёсцы жонка i двое дзяцей. Судзiць Мiколу будуць у лютым.

Як сьведчыць Amnesty International, дадзеныя адносна сьмяротнага пакараньня ў Беларусi – гэта дзяржаўная таямнiца. У жнiўнi мiнулага году старшыня Вярхоўнага суда Беларусi Валянцiн Сукала паведамiў, што ў першым паўгодзьдзi 1999 году былі пакараныя сьмерцю 29 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG