Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 студзеня 2001 г.


Юры Дракахруст, Прага

"Узброенае міжнароднае ўмяшальніцтва: чаму і калі яно магчымае і нават неабходнае?" – такое пытаньне разглядае ў сваім апошнім нумары брытанскі часопіс Economist.

Часопіс лічыць, што ўсьведамленьне неабходнасьці ўзброенага міжнароднага ўмяшальніцтва стане адной з галоўных праблемаў зьнешняй палітыкі новага амэрыканскага ўраду Джорджа Буша. Economist нагадвае, што да апошняга часу пытаньне законнасьці замежнага ўмяшальніцтва ўва ўнутраныя справы сувэрэнай краіны ўспрымалася як нонсэнс, законымі прызнаваліся толькі войны супраць замежнай агрэсіі ці ў абарону сваіх саюзнікаў ад такой агрэсіі.

Але, на думку брытанскага часопіса, у канцы ХХ стагодзьдзя сытуацыя пачала мяняцца: апэрацыя НАТА ў Косаве, лічыць Economist, палепшыла сытуацыю на Балканах, міжнароднае ўзброенае ўмяшальніцтва вызваліла захопленых людзей ва Ўсходнім Тыморы.

Часопіс падкрэсьлівае, што прынцып неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэнай краіны гістарычна абумоўлены – ён бярэ пачатак ад Аўсбургскага міру 1555 году, які ўсталяваў правіла: "Чыя ўлада – таго і вера", і які паклаў канец рэлігійным войнам паміж эўрапейскімі краінамі. Потым прынцып неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэнай краіны быў замацаваны ў Вэстфальскім міры ў 1648 годзе.
Economist зьвяртае ўвагу на чыньнікі, якія зараз робяць гэты прынцып калі не састарэлым, дык маючым патрэбу ў мадыфікацыі.

Першае – гэта разьвіцьцё сродкаў масавай інфармацыі. Тэлебачаньне і Інтэрнэт робяць крывавы гвалт у любом кутку Зямлі вядомым усясьветнай грамадзкасьці і спараджаюць жаданьне спыніць яго. Зараз дыктатуры ня могуць трымаць свае дзеяньні ў сакрэце.

Другі чыньнік – завяршэньне "халоднай вайны". Падчас "халоднай вайны" кожная звышдзяржава ўсімі рэсурсамі абараняла сваіх сяброў ад замежнага ўмяшальніцтва, нават калі паводзіны гэтых самых сяброў былі далёкімі ад узорных. "Але "халодная вайна" завяршылася, і лёд растаяў," – піша Economist.

Далей часопіс разважае, якімі маглі б быць умовы законнага міжнароднага ўзброенага ўмяшальніцтва, якія былі б зразумелыя большасьці людзей. Варта адзначыць, што гэтыя меркаваньні тычацца не юрыдычных формаў, а маральных прынцыпаў: што б магло апраўдаць умяшальніцтва ў вачох людзей?

На думку часопіса, ня могуць быць падставаю для ўмяшальніцтва парушэньнi правоў чалавека, даўгія сьпісы якіх замацаваныя ў дэклярацыях ААН, Эўразьвязу ды іншых арганізацыяў. Ня могуць таму, што правоў шмат, яны часам супярэчаць адно аднаму, і адсутнічае крытэрый ступені парушэньня, які б патрабаваў умяшальніцтва.

На думку Economist агульнапрынятых прычынаў умяшальніцтва можа быць дзьве. Першая – калі вызначананую групу людзей на вызначанай тэрыторыі сілаю ўтрымлівае ў сваім складзе большая нацыя. На думку брытанскага часопісу, Косава, населенае пераважна албанцамі, зьяўляецца менавіта такім прыкладам. Тут, праўда, робіцца заўвага, што далёка ня ўсе мейсцы ў сьвеце, дзе маецца падобнае становішча, могуць стаць аб'ектамі падобных апэрацыяў: "Хто захоча ўзброенай рукою вызваляць Тыбет, акупаваны паўтарамільярдным Кітаем?" – задае рытарычнае пытаньне Economist.

Другая прычына ўмяшальніцтва, на думку Economist, – гэта выпадак, калі кіраўнік захоўвае ўладу насуперак волі народу. У якасьці прыкладу часопіс прыводзіць выбары ў Югаславіі ў верасьні мінулага году, калі Слабадан Мілошавіч быў пазбаўлены ўлады. Хаця варта адзначыць, што адхіленьне Мілошавіча ад ўлады адбылося без узброенага замежнага ўмяшальніцтва.

Economist прызнае, што існуе праблема яснага і дакладнага вызначэньня гэтай самай волі народу. Паводле меркаваньня часопісу, гэтую функцыю магла б узяць на сябе Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў. Калі б журналісты ў нейкай краіне выказвалі б меркаваньне, што выбары ня будуць свабоднымі і справядлівымі, ААН магла б накіраваць туды сваіх наглядальнікаў, а ў выпадку адмовы ўрад краіны, які адмовіўся ад міжнароднага кантролю, мусіў бы лічыцца з магчымасьцю міжнароднага ўзброенага ўмяшальніцтва.

Загаловак апошняй часткі артыкулу ў Economist супадае з дэвізам брытанскага спэцназу "Who dares, wins" – "Хто асмельваецца – перамагае". У гэтым разьдзеле часопіс адзначае, што з часоў Рымскай імпэрыі заходні сьвет ніколі ня меў такой моцы, як зараз. "І было б вельмі дрэнна, – працягвае Economist, – калі б амэрыканцы прайшлі гэты пэрыяд, перасьледуючы выключна асабістыя інтарэсы, а не спрабуючы распаўсюдзіць тыя ідэі, для нараджэньня якіх яны зрабілі больш, чым хто б там ні было".

"Гісторыя ведае шэраг страчаных магчымасьцяў, але гэтая страта была б самай недаравальнаю." – Такімі словамі заканчваецца артыкул у брытанскім часопісе Еconomist, прысьвечаны пэрспэктывам міжнароднага ўзброенага ўмяшальніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG