Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2001 г.


Ігар Карней, Менск

Упершыню за апошнія гады беларускія бібліятэкі не знайшлі сродкаў, каб падпісацца на пэрыядычныя выданьні. З новага году наведнікі большасьці грамадзкіх чытальняў могуць карыстацца выключна архівамі.

Нагодай для агульнай трывогі стаў ліст бібліятэкараў з Полацку да Аляксандра Лукашэнкі. Бібліятэкары напісалі, што ніколі грамадзкія бібліятэкі не былі гэтак занядбаныя, як цяпер.

Выявілася, што становішча гэткае ня толькі на Віцебшчыне. Занепадаюць архівы, чытацкія фонды не аднаўляюцца ці не па дзесяць гадоў, не рамантуюцца будынкі (у выніку неплатаздольнасьці многім нават адключыі ацяпленьне), а заробкі супрацоўнікаў — ці не жабрацкія.

Цяпер яшчэ навала: чыноўнікі не знайшлі грошай, каб аднавіць падпіску на выданьні, якія карыстаюцца падвышаным чытацкім попытам. Ці не адзінае выключэньне — бібліятэкі чыгункі, якія фінансуюцца зь ведамаснага бюджэту. Праўда, і ў іх тэрмін падпіскі абмежаваны толькі адным месяцам.

Распавядае бібліятэкарка аршанскага тэхнікуму чыгуначнага транспарту Ларыса Кліноўская:

"З дапамогай Віцебскага галіновага казначэйства выпісалі на месяц выданьні, якія былі рэкамэндаваныя: "Советскую Белоруссию", "Рэспубліку", "Віцебскі рабочы", "Железнодорожнік". Бадай, гэта ўсё. Я ведаю, што гэта не найгоршы варыянт. У астатніх, за выняткам Менску, з падпіскай ня выйшла нічога. Гэта наогул заганна: адзіная структура, якая існуе і фінансуецца — Менск, астатняе — так бы мовіць, "другаснае". У некага, як у полацкіх калегаў, крыўда на ўсю краіну; іншыя плачуць моўчкі.

У нашай бібліятэцы асноўным дапаможнікам ужо па 50 гадоў. Галіновае выдавецтва "Транспарт" апынулася за мяжой, у Маскве, а ў нас няма расейскіх грошай, каб набыць кнігі. Выкладчыкі вымушаныя займацца самвыдатам; але гэта бяда ўсіх ведамасных тэхнікумаў", — распавяла бібліятэкарка з Воршы Ларыса Кліноўская.

Дарэчы, нядаўна супрацоўнікі яшчэ адной аршанскай бібліятэкі, самай буйной — імя Пушкіна, адзначалі стагодзьдзе сваёй установы. Як сумна жартуюць самі бібліятэкары, першы й апошні рамонт тут быў зроблены, відаць, таксама сто гадоў таму. Багатыя архівы яшчэ жывыя толькі праз энтузіязм супрацоўнікаў, заробак якіх — 30 тысячаў рублёў на месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG