Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2001 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Сёньня магілеўскі аблвыканкам абмеркаваў вынікі праверкі фінансавага, бюджэтнага і пададтковага заканадаўства за два мінулыя гады. Было вырашана абмежавацца заўвагамі і вымовамі, але пад час абмеркаваньня выявіліся цікавыя падрабязнасьці з жыцьця магілеўскага чынавенства.

Асаблівую заклапочанасьць фінансістаў, паводле даведкі Камітэту дзяржкантролю і міністэрства фінансаў, выклікае выкарыстаньне валютных сродкаў у Магілеўскай вобласьці. Выдаткі на камандыроўкі за мяжу павялічваюцца, і ў першым паўгодзьдзі летась на гэтыя мэты было выдаткавана амаль тры мільёны даляраў. Для параўнаньня: у гэты час уся вобласьць была павінная за расейскі газ шэсьць мільёнаў даляраў!

Паводле дадзеных праверкі, на ўтрыманьне Магілеўскага аблвыканкаму рэальна выдаткоўваецца грошай амаль што на палову больш, чым гэта прадугледжана бюджэтам. На мясцовую вэртыкаль ня ўзьдзейнічаюць дэкрэты Аляксандра Лукашэнкі ў справе скарачэньня выдаткаў. Аўтамабілі, кандыцыянэры, аўтасыгналізацыя, магнітолы, радыёстанцыі, сотавая сувязь – асноўныя артыкулы перарасходу. Праблема яшчэ і ў тым, што для чыноўнікаў, у асноўным, набываюцца дарагія аўтамабілі вытворчасьці Нямеччыны, Швэцыі і Японіі, рамонт ды запасныя часткі для якіх выбіраюць фонд транспартных выдаткаў за паўгады. І нягледзячы на тое, што аўтапарк абласной вэртыкалі прыстойны і дастатковы, аблвыканкам настойліва працягвае набываць новыя аўтамабілі, а непатрэбныя бясплатна прадае асобным арганізацыям.

У 1999 годзе для службовай кватэры кіраўніка вобласьці Міхаіла Дражына была набытая маёмасьць на суму амаль 2 мільёны дэнамінаваных беларускіх рублёў. Цікава, што за няпоўныя два гады бугальтэрыя налічыла знос маёмасьці аж на чвэрць гэтай сумы.

Мясцовая ўлада не эканоміць на падарунках. Напрыклад, старшыня Гаспадарчага суду Беларусі спадар Булька атрымаў ад аблвыканкаму карціну і кветкі на агульную суму ў 60 тысячаў беларускіх рублёў, карціну за 30 тысячаў – намесьнік міністра эканомікі і гэтак далей.
Паводле дадзеных праверкі магілеўскія чыноўнікі выдаткоўваюць на сувэніры і кветкі ў два разы больш грошай, чым на матэрыяльную дапамогу грамадзянам, якія неадкладна маюць у ёй патрэбу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG