Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 студзеня 2001 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менску немагчыма абмяняць грошы старога ўзору на новыя: не працуюць ашчадныя касы. Супрацоўнікі банкаўскіх аддзяленьняў тлумачаць працяглы перапынак у абслугоўваньні наведнікаў рашэньнем сталічных уладаў.

Паводле ранейшых заяваў прадстаўнікоў ураду, зь сёньняшняга дня павінен быў пачацца абмен грошай старога ўзору на новыя. Аднак большасьць аддзяленьняў "Беларусбанку", якія выконваюць ролю ашчадных касаў, сёньня так і не адчыніліся. А 10-й гадзіне раніцы я падышоў да дзьвярэй 307-га аддзяленьня, што ў сталічным мікрараёне Сухарава.

"Вы ведаеце, гэтак нязручна — у нашым мікрараёне адна ашчадная каса, мне трэба было тэрмінова памяняць грошы, і цяпер давядзецца ехаць ў цэнтар", — скарділася маладая жанчына. Яна расчаравана паказвала на шкло, дзе вісела аб'ява, што 3-га студзеня аддзяленьне працуе толькі з кліентамі банку. Тыя ж, хто мяняе старыя грошы на новыя, кліентамі, відаць, ня лічацца.

Магчыма, такія бессардэчныя да сваіх наведнікаў толькі супрацоўнікі сухараўскага аддзяленьня? Але высьветлілася, што не пачалі працаваць і ашчадныя касы ў цэнтры гораду. У 524-м аддзяленьні, што на вуліцы Карла Маркса, я стаў сьведкам такой самай сцэны. Жанчына зь дзьвюма дачкамі падышла да дзьвярэй, безвынікова патузала і пачала абурацца. Потым яна патлумачыла, як думала патраціць абмененыя грошы:

"Хацела квіткі купіць дзецям на ёлку, а цяпер ня ведаю, што й рабіць, акрамя гэтай пяцёркі, маю толькі новую тысячу, а яе ж на ўсё ня хопіць. Добранька яны прыдумалі, зусім ужо нахабныя зрабіліся", — абуралася жанчына.

Да яе далучылася старая, якая прыйшла ў ашчадную касу, каб абмяняць пэнсію. Напрыканцы сьнежня ёй далі пэнсію выключна старымі грашыма, а яна гэтага праз слабыя вочы не заўважыла. А цяпер пачаліся праблемы:

"Старымі грашыма далі чалавеку з кепскім зрокам. А што? Хай сабе мучыцца на сьвяты".

Паводле супрацоўніц ашчаднае касы, насельніцтва было праінфармаванае пра тое, што ажно 3-га студзеня касы працаваць ня будуць. Вось толькі тыя людзі, што стаялі побач са мной ля дзьвярэй касы, гэтага чамусьці ня ведалі.

Такі ж прыём чакаў мяне і ў суседнім аддзяленьні "Беларусбанку" № 523. Адзінае адрозьненьне, што там паведамілі пра ўзгадненьне рашэньня пра непрацоўны дзень з кіраўніцтвам гарвыканкаму.

Пацьвердзіць гэтае, аднак, не ўдалося. Супрацоўніца прэсавай службы гарвыканкаму Галіна Кірсанава сказала, што ёй нічога не вядома пра такое ўзгадненьне, але збольшага яна не выключае, што такое магло быць: "Ашчадным касам трэба падбіваць балянс, што тут паробіш", — няпэўна патлумачыла супрацоўніца гарвыканкаму. Толькі, мяркую, наўрад ці гэты адказ задаволіў бы тых дзяўчынак, якія так і ня трапілі сёньня на ёлку. Ну, не зразумеюць яны, як нейкі балянс можа перашкодзіць дзіцячаму святу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG