Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 студзеня 2001 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пайшоў другі дзень, як у Беларусі не прымаюць грошы старога ўзору. Паводле назіраньняў нашага карэспандэнта, канчатковы пераход на банкноты з удвая меншай колькасьцю нулёў выклікаў пэўныя праблемы і шмат нараканьняў.

У Беларусі значна паменела мільянэраў. Толькі да 31-га сьнежня былі ў абарачэньні грошы ранейшага ўзору, і цяпер старыя банкноты вартасьцю ад 1 тысячы да 5 мільёнаў у крамах не бяруць. Улады кажуць, што старыя грошы можна без праблемаў абмяняць на новыя ў банках і ашчадных касах, але праверыць гэтыя словы пакуль няма як. Фінансавыя ўстановы ў Беларусі другі дзень не працуюць, і грамадзяне, якія не пасьпелі перад Новым годам патраціць старыя банкноты, сутыкнуліся зь вялікімі праблемамі. Мянчанка Вольга Рыгораўна, зь якой мы размаўлялі ля касы ў найбуйнейшым менскім гастраноме "Цэнтральны", перакананая ў памылковасьці гэткага хуткага абмену.

"У адзін дзень гэта нельга было рабіць, тым больш у такое сьвята як Новы год. Людзі былі заклапочаныя падрыхтоўкай да сустрэчы Новага году, а тут яшчэ гэты раптоўны абмен", — казала жанчына. У ейным кашальку засталіся дзьве пяцімільённыя купюры, на якія яна разьлічвала сёньня ў краме. Але каля касы сьпіс неабходных пакупак прыйшлося скарэктаваць. "Мужу піва я пакінула, а вось ад бутэлькі алею адмовілася, прыйдзецца смажыць бульбу на сале, хоць гэтага й не рэкамэндуюць", — пажартавала Вольга Рыгораўна.

Будаўнік Анатоль настроены больш крытычна. У яго таксама толькі што не прынялі фіялетавую купюру з трыма лішнімі нулямі. Заўтра ён панясе яе ў ашчадны банк на абмен, і гатовы марнаваць час у чарзе. Але Анатоль падазрае, што ініцыятары раптоўнага абмену разьлічваюць ня толькі на ягоны час.

"Ну, добра, у мяне 5 мільёнаў, можна і пастаяць у чарзе. А ў каго 20 тысяч, ці цяперашніх 20 рублёў? Іх адмыслова мяняць ніхто ня будзе, а нас, грамадзянаў, 10 мільёнаў. Нават калі кожны пяты махне рукой на тыя ранейшыя 20 тысяч, дзяржава можа разьлічваць на вялікі прыбытак. Можна яшчэ адзін навагодні банкет наладзіць спадару Лукашэнку", — мяркуе будаўнік Анатоль.

Анатоль перакананы, што выводзіць старыя грошы з абарачэньня трэба было яшчэ сама мала на працягу году, ня ўмешваючы ў гэты працэс грамадзянаў.

"У Польшчы грошы мянялі цягам некалькіх гадоў, і гэтага ніхто не заўважыў. А ў нас чыноўнікі думаюць найперш пра тое, як ім зручней", — робіць выснову мой суразмоўца.

У гандляркі газэтнага шапіку Натальлі сёньня няшмат працы — сьвежых газэтаў няма. Адпаведна меншы і плян. Але яна падазрае, што й гэтую заніжаную норму ня выканае, бо ўжо некалькі разоў давялося сварыцца з пакупнікамі з-за рэшты. Праўда, сёньняшнія праблемы не параўнаць з тым, што было ў апошні дзень мінулага стагодзьдзя: "Праблемы былі, і нават скандалы. Я кажу, што не магу даць рэшту новымі, а яны настойваюць, прадай яму газэту — і ўсё. І кожны другі за сторублёвую газэту разьлічваецца тысячнай купюрай. А дзе ж мне ўсім набраць рэшты новымі?"

Гандлярка перакананая, што ўлады маглі значна раней папярэдзіць пра спыненьне абарачэньня старых грошай з 1-га студзеня ды шырэй весьці падрыхтоўчую кампанію. "Моладзь пра абмен яшчэ ведае, а людзям сталага веку і тут бракуе інфармаванасьці", — падзялілася сваімі назіраньнямі гандлярка газэтамі Натальля.

Адзіным суразмоўцам, які не наракаў на тое, як праходзіць абмен старых грошай на новыя, быў вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк. Але і ён не ў захапленьні ад грашовай апэрацыі, якая пачалася ў Беларусі зь першай хвіліны новага стагодзьдзя:

"Не, у мяне асабіста такіх праблемаў не было, рэшту мне давалі тымі банкнотамі, на якіх не было лішніх нулёў. І можа, мяне гэта нават крыху засмучала, бо мне ў якасьці рэшты вярталіся грошы бяз нашай любімай "Пагоні". Гэта сумна, але трэба быць аптымістам, я спадзяюся, што пры жыцьці яшчэ нашага пакаленьня "Пагоня" вернецца і на нашыя штандары, і на нашыя грошы, бо "Пагоня" ў нашай душы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG