Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 2000 г.


Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў віншуе беларусаў з новым годам, новым стагодзьдзем і новым тысячагодзьдзем i адказвае на нашыя пытаньні.

(Быкаў: ) "Так, час бяжыць – новы год, новае стагодзьдзе, новае тысячагодзьдзе. Ня часта ў гісторыі так выпадае – такі зьбег часавай трыяды. Сумна, аднак, тое, што час новы, а нашыя клопаты ўсе старыя; усё тыя ж, што і сто, і дзьвесьце гадоў таму. Гэтыя клопаты для нацыі, мусіць, найпершыя, першачарговыя, таму яны і ўвасобіліся ў плён для ўсіх без выключэньня эўрапейскіх нацыяў, апроч беларусаў. Я маю на ўвазе, вядома ж, нашую свабоду і незалежнасьць. Зрэшты, калі б было штосьці адно – свабода без незалежнасьці альбо незалежнасьць без свабоды, але так не бывае. Сумна ўсё гэта, балюча і турботна. Але без таго не абыйсьціся, калі хочаш жыць, а не добраахвотна класьціся ў дамавіну. Дык вось найпершае маё пытаньне: чаго нашая нацыя хоча? Вельмі пажадана мець на яго пэўны адказ. На жаль, такога адказу няма. Менавіта з гэтым зьвязаны ўсе мае сумненьні, спадзяванкі і пажаданкі на новы год, новае стагодзьдзе і новае тысячагодзьдзе.

А што тычыцца асабістага… Пішу, бо што ж яшчэ мусіць рабіць пісьменьнік? Тым болей, у маім напаўэкзыльным становішчы. Пішу з надзеяй, што гэта каму-небудзь і калі-небудзь можа спатрэбіцца, ці, хаця б, станецца цікавым.

З Новым годам Вас, мае дарагія землякі!"

Гутарыла
Алена Радкевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG