Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Агэнцыя "Интерфакс-Запад" паведаміла, што ўручэньне даверчых граматаў амэрыканскага амбасадара Майкла Козака Аляксандру Лукашэнку адбудзецца ў наступным годзе. Аднак у МЗС Беларусі гэтую інфармацыю не пацьвердзілі.

Са спасылкаю на прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Паўла Латушку менская агэнцыя "Интерфакс-Запад" паведаміла, што "ўручэньне даверчых граматаў кіраўніком дыпляматычнае місіі ЗША ў Беларусі Майклам Козакам прэзыдэнту Рэспублікі Аляксандру Лукашэнку адбудзецца ў наступным годзе".

На просьбу ўдакладніць, калі ж менавіта ў 2001 годзе амбасадар Козак упершыню сустрэнецца са спадаром Лукашэнкам, прэсавы сакратар МЗС адказаў, што ніякае заявы пра Козака ды наступны год ён "Интерфаксу" не рабіў.

"Я сказаў толькі, што сёлета даверчыя лісты ўручаныя ўжо ня будуць", — заявіў мне Павал Латушка. Ён быў вельмі абураны недакладным пераказам ягоных словаў.

Што да сутнасьці праблемы, дык прэсавы сакратар беларускага дыпляматычнага ведамства кажа, што дата ўручэньня даверчых лістоў па-ранейшаму ўзгадняецца. Акрамя амбасадара ЗША, ужо ёсьць некалькі новых амбасадараў іншых дзяржаваў, якія чакаюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Але першым у чарзе стаіць Майкл Козак.

Тым часам "Рух за сацыяльны прагрэс і справядлівасьць", больш вядомы празь ягоны расейскамоўны скарот ДСПС, заявіў, што "непрызнаньнем легітымнасьці новаабранага нацыянальнага сходу й прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі Майкл Козак пазбавіў сябе мажлівасьці ўручыць даверчыя граматы, і як вынік, выконваць абавязкі амбасадара". ДСПС клапоціцца ўжо пра новага амбасадара ЗША, акрэдытацыю якога ў Беларусі лічыць мажліваю толькі пасьля атрыманьня афіцыйным Менскам гарантыяў неўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі.

Крыніцы ў Міністэрстве замежных справаў кажуць, што Аляксандар Лукашэнка мусіць прыняць амэрыканскага амбасадара ў першай палове студзеня, бо на гэтак званы "стары Новы год" — 14 студзеня — ён ладзіць традыцыйны прыём для замежных дыпляматаў. Не запрасіць туды Майкла Козака спадар Лукашэнка ня можа, але й запрасіць без прыняцьця граматаў ня можа таксама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG