Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

У Пінску прадпрымальнікі канчаткова вызначыліся адносна працягласьці страйку, які плянуецца распачаць ад першага дня наступнага году. Вырашана страйкаваць 15 дзён. Сярод іншых, прадпрымальнікі вылучылі і палітычныя патрабаваньні.

У часе сходу, які прайшоў сёньня на цэнтральным кірмашу, прадпрымальнікі вырашылі не арыентавацца на буйныя менскія ды гарадзенскія рынкі, дзе гандляры будуць страйкаваць ўсяго пяць дзён. Паводле меркаваньняў пінчукоў, пяцідзённы страйк ня мае сэнсу, бо ўсё роўна прыйдзецца аплочваць кошт працоўнага мейсца на гэтыя дні, у той час як пінскія прадпрымальнікі зьбіраюцца плаціць толькі за другую палову студзеня.

Асноўным патрабаваньнем па-ранейшаму застаецца адмена мытнага афармленьня тавараў вытворчасьці трэціх краінаў, якія ўвозяцца з Расеі а таксама зьмены заканадаўства, адносна памераў штрафаў ды канфіскацыі тавараў у прадпрымальнікаў.

Сёньня на цэнтральным кірмашы прагучалі й палітычныя патрабаваньні. У сваім выступе прадпрымальнік Мікола Міхалевіч сказаў:

(Міхалевіч: ) "Мы павінны выказаць свае патрабаваньні як нашаму гарадзкому выканкаму, так і ў Менск. Патрабаваньні ў нас зразумелыя. Калі ўрад ідзе на тое, каб задушыць прадпрымальніцтва як клясу, прадпрымальнікі маюць права патрабаваць адстаўкі гэтакага ўраду і адстаўкі гэтакага прэзыдэнта. Толькі так можна чагосьці дамагчыся".

Прысутныя сустрэлі ягоную прамову апладысмэнтамі.

Сярод іншага, прадпрымальнікі абураліся тым, што адміністрацыя кірмашу зьбіраецца зрабіць больш жорсткімі патрабаваньні да гандляроў адносна аплаты гандлёвых мейсцаў, і у той жа час зусім не клапоціцца пра стварэньне спрыяльных умоваў дзеля іхнае працы — не прыбірае сьнег і ня чысьціць брудныя праходы са шматлікімі ямінамі ды гэтак далей.

Такім чынам, прадпрымальнікі абвясьцілі двухтыднёвы страйк і сёньня накіравалі ліст з гэтым паведамленьнем і сваімі асноўнымі патрабаваньнямі ў Пінскі гарадзкі выканкам ды іншыя зацікаўленыя дзяржаўныя ўстановы й сродкі масавай інфармацыі.

А у часе страйку прадпрымальнікі ўпершыню плянуюць правесьці шэраг акцыяў, сярод якіх пікеты і, магчыма, мітынг, якія маюць на мэце інфармаваць жыхароў Пінску пра сапраўдныя патрабаваньні гандляроў, а таксама разбурыць сярод іншых групаў жыхароў нэгатыўны вобраз прадпрымальніка, які адмыслова ствараецца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG