Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Учора апоўдні Пінск наведала жонка кіраўніка Беларусі — Галіна Лукашэнка. Візыт стаўся поўнай нечаканасьцю нават для гарадзкіх уладаў. Паводле нашай інфармацыі, Галіна Радзівонаўна прыяжджала ў горад з ахоўнікам і яшчэ нейкім чалавекам, які не назваў сваё прозьвішча.

Як нам стала вядома, Галіна Лукашэнка прыехала ў Пінск учора апоўдні й разам са старшынём гарадзкога выканкаму Васілём Шустом наведала дзіцячы радыяцыйна-дыягнастычны цэнтар, якім кіруе былы дэпутат гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Анатоль Волкаў. Мэты гэтага візыту невядомыя. Дакладна ня ведае іх і сам Анатоль Волкаў, які быў у гэты час у Берасьці:

(Волкаў: ) "Ну, я ня ведаю, тут яна па сваіх нейкіх справах была. Я ня ведаю…"

Ён таксама абверг магчымыя палітычныя матывы ў візыце Галіны Лукашэнкі. Аднак цікава, што сёньня ўраніцу Анатоль Волкаў выклікаў усіх супрацоўнікаў цэнтру, якія бачылі ўчора Галіну Лукашэнку, і прасіў даслоўна, пад запіс, расказаць, што гаварыля яна, і што гаварылі ў адказ ягоныя падначаленыя.

Куды яшчэ заяжджала спадарыня Лукашэнка, невядома. Увогуле, падаецца, што пра ейны візыт загадзя ня ведаў ніхто. Дый пра тое, што яна тут была, прыхільнікі мяйсцовых афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі наўрадці даведаюцца.

Паводле некаторых зьвестак, пасьля наведваньня радыяцыйна-дыягнастычнага цэнтру, жонка кіраўніка Беларусі, самастойна, без мяйсцовых чыноўнікаў езьдзіла па гарадзкіх крамах, перапісвала кошты, ды ў некаторых мейсцах пыталася пра стаўленьне пінчукоў да Лукашэнкі.

Варта адзначыць, што сам Аляксандар Лукашэнка у Пінск не прыяжджаў ніколі, хаця ўжо некалькі разоў быў у меншых мястэчках, недалёка ад нашага гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG